«За Беларусь, за Павука». Як блогер з Гомельшчыны ўдзельнічае ў мясцовых выбарах


Працягваецца выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы. Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты не сядзяць за чыноўніцкімі сталамі, а ідуць непасрэдна да сваіх выбарцаў – у гумавых ботах па вясковым бездарожжы. Ляснік з Гомельшчыны Андрэй Павук паставіўся да агітацыі з гумарам, але ўзяўся за адну з самых балючых праблемаў насельніцтва.

Вёска Гаць, што на Гомельшчыне. Яшчэ нядаўна тут было амаль дзвесце гаспадарак і 500 жыхароў. Цяпер, як і ў шматлікіх беларускіх сёлах, – сумнае відовішча. Адсюль уцякае моладзь. Менавіта тут блогер і патэнцыйны кандыдат на выбарах у мясцовыя саветы Андрэй Павук правёў свой выбарчы пікет. Праблемы мясцовых актывіст ведае надзвычай добра.

«У нас новы старшыня райвыканкаму, у верасні прыйшоў. І яму за месяц – два адрамантавалі службовую хату. На гэта знайшлі грошы, а на дзіцячае аддзяленне ўжо 5 гадоў няма грошай, на гэтую дарогу – напэўна 10 гадоў. Хоць дэпутат працуе на гэтай вуліцы», – кажа блогер Андрэй Павук.

А таму ў гумовыя боты і да выбарцаў! Іначай у вёсцы Гаць да людзей можна і не дайсці – не дарога, а балота.

Як кажа Андрэй Павук, балатавацца падштурхнулі яго менавіта праблемы мясцовых жыхароў. Пакуль жа актывіст вырашыў не марнаваць часу — проста ўзяў рыдлёўку ды паабяцаў выбарцам уласнаручна штодня засыпаць адну яміну.

«Кіраўніцтва нашай дзяржавы сказала, што кожны мусіць узяць рыдлёўку ў рукі. Вось, я ўзяў і раблю тое, што не робяць дэпутаты гадамі. Бо мне крыўдна за такую ўладу. Таму трэба браць ініцыятыву на сябе і працаваць», – мяркуе Павук.

Але ці дастаткова гэтага?

Жыхары вёскі Гаць кажуць:

«За 26 гадоў тут 60 адсоткаў насельніцтва ўжо няма. Тут лічаныя людзі».

«Навошта такія дэпутаты, які нічога не робяць. Сэнс іх абіраць».

Але галоўнае, каб свой, бо калі якая праблема — чужы яе вырашаць не будзе.

«Трэба, каб мясцовыя варушыліся, што той абласны – прыедзе раз у год і ўсё. Трэба, каб з народам працаваў, не тое, што выбралі і ўсё – вольны», – кажа вясковец Валянцін Сямёнкін.

За дзень блогер назбіраў за сябе 30 подпісаў — то бок амаль палову ад патрэбнай колькасці. Цяпер Андрэй Павук плануе працягнуць збор подпісаў у суседніх вёсках.

 

Наста Ільіна «Белсат»