За апошнія 4 месяцы звольнілася каля ста амапаўцаў


23-га жніўня, традыцыйны нядзельны мірны пратэст. Узброены Лукашэнка выходзіць да сілавікоў, каб падзякаваць за разгон мірных пратэстоўцаў.

Ініцыятыва «By_Pol» апублікавала ўжо трэцяе відэа з нагруднай камеры сілавіка. Гэтым разам можна пабачыць рэакцыю амапаўцаў на з’яўленне іхнага галоўнакамандуючага.

На відэа амапавец смяецца: «Калаш у яго пры сабе ці што? Калаш што лі?»

Зазвычай сілавікі застаюцца служыць з-за нявыплачаных крэдытаў, адсутнасці грамадзянскай спецыяльнасці ці жонак, якія не працуюць.

Згодна з інсайдам Тэлеграм-каналу «Ник и Майк», у Беларусі цяпер 2141 амапавец. Менскае аддзяленне ўзмацнілі амаль у два разы да 1400 супрацоўнікаў.

«Дзякуй вам, рабяты, дзякуй! У даўгу не застанемся!», – крычыць Лукашэнка супрацоўнікам АМАПу.

Але і ў гэтым спецпадраздзяленні зрухі адбываюцца.

«У жніўні, мы дакладна ведаем, што звольніліся з УУС Менгарвыканкаму з АМАПу 16 чалавек. У верасні было больш за 25, кастрычнік, лістапад – больш за 30 чалавек. Мы гэта ведаем дакладна, інфармацыя пацверджаная», – падзяліўся інсайдам Ігар Лобан з ініцыятывы «By_Pol».

Паводле нашага эксперта, тых, хто звальняецца, замяняюць пераважна на салдатаў тэрміновага прызыву.

Цягам іх паўтарагадовай службы адбываецца ідэалагічнае апрацоўванне.

Спецыяліст у сферы сілавых структураў Канстанцін Ульянаў распавёў, як сілавікоў вучаць збіваць пратэстоўцаў:

«Трэба ўкласці чалавеку ў галаву наступную думку: ты не будзеш забіваць людзей – ты вызваляеш свет, ты ратуеш арыйскую расу, і гэтак далей. У падраздзяленнях, падобных да Беркута, з гэтым таксама вельмі шчыльна працавалі».

Паводле былога следчага Ігара Лобана, нашым сілавікам між іншага даводзяць абавязак абараняць Лукашэнку.

«Для іх гэта бог, якому яны, скажам так, пакланяюцца. Таму што ім унушылі, што ім плаціць грошы менавіта прэзідэнт: дае кватэры, ільготныя крэдыты. Ніхто ж не можа падумаць, што гэта ўсё фармуецца з падаткаў простых грамадзянаў».

Мінакі таксама паразважалі, як амапаўцы могуць ставіцца да Лукашэнкі:

«Вядома, прадаліся. Што ён ім там абяцаў? Лепшую будучыню? Што ў даўгу ім не застанецца? Наш гарант нічому не гарант».

«Яны ад яго залежаць. Баяцца яго, бо, напэўна, калі не падпарадкавацца яму – будуць пакараныя».

«Амапаўцы самі смяюцца з гэтага клоўна. Ды і ўвесь народ смяецца».

Ёсць меркаванні, што сілавікі застаюцца ў сістэме, бо баяцца панесці адказнасць за злачынствы, пра якія цяпер збіраецца інфармацыя. Гэтак, учора запрацавала платформа Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў, дзе будуць збіраць ды аналізаваць матэрыялы.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu