За 30 гадоў у Калодзішчах не пабудавалі ніводнай школы, садку і нават пясочніцы


У Калодзішчах – прыблізна 20 000 толькі афіцыйна зарэгістраваных жыхароў. І значаная частка іх – маладыя сем&#8217;і з дзецьмі. Ілюстрацыйнае фота –<br />nationalphotogroup.com

Жыхары аграгарадка Калодзішчы, што пад Менскам, дамагаюцца ад уладаў будаўніцтва спартовых пляцовак, дзіцячых садкоў і школаў.

Ініцыятыўная група больш за год збірае подпісы і патрабуе сацыяльнага ўпарадкавання. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ажно з савецкага часу тут не пабудавалі ніводнага аб’екту сацыяльнага прызначэння.

«Калодзішчы месцяцца на адлегласці 7-8 кіламетраў ад Менску, але чамусьці сталіся адкінутымі адносна сацыяльных аб’ектаў: у нас няма нічога!», – кажа актывістка ініцыятыўнай групы Ірына Лапіцкая.

Жыхары Калодзішчаў возяць дзяцей за 10-15 кіламетраў у сады і школы Менску, бо ў аграгарадку ўсяго два садкі і адна школа на тысячу дзяцей.

«Майму малодшаму дзіцяці хутка два гады. Мы хацелі нейкім цудам трапіць у дзіцячы садок у Калодзішчах, але гэта проста немагчыма. Мы сталі ў чаргу, як толькі дзіця нарадзілася, у тры тыдні. Цяпер мы ў чарзе 437-я», – працягвае жыхарка Калодзішчаў Ганна Манікава.

Дзецям у Калодзішчах не толькі няма дзе вучыцца, але і лекаваць малых даводзіцца вазіць у сталіцу.

«У мяне зімою хварэлі дзеці – усю зіму. І я іх, з тэмператураю, грузіла ў машыну і везла ў Менск у медычны цэнтр ці паліклініку. Бо мясцовы лекар пакуль прыедзе, а не дай бог хуткую выклікаць, то за паўтары гадзіны пакуль яна сюды едзе – можна і не дачакацца», – кажа жыхарка Калодзішчаў Алена Махнач.

У Калодзішчах – прыблізна 20 000 толькі афіцыйна зарэгістраваных жыхароў. І значаная частка іх – маладыя сем’і з дзецьмі.

Рэпартаж Галіны Абакунчык выйшаў у поўным выданні навінаў 3 мая:

Пясочніца, у якой гуляюць дзеці, бацькі зрабілі ўласнымі рукамі. У Калодзішчах няма ніводнай афіцыйна арганізаванай дзіцячай пляцоўкі.

Мясцовых жыхароў асабліва абурыла, што ўлады паабяцалі вылучыць для дзіцячай пляцоўкі месца, якое яшчэ раней аддалІ пад будаўніцтва шматпавярховіку. Пракаментаваць падобнага становішча ў Калодзішчанскім сельскім выканаўчым камітэце не здолелі.

«Пра будаўніцтва дзіцячых садкоў і пляцовак я не ведаю, што вам адказаць», – кажа галоўная спецыялістка Калодзішчанскага сельскага выканаўчага камітэту Вольга Ліпніцкая.

За апошнія пятнаццаць гадоў у Калодзішчах збудавалі каля дваццаці пяці шматпавярховікаў, але ніводнай паліклінікі, стадыёну ці кінатэатру.

«Пра людзей ды іхнае больш-менш камфортнае жыццё, якое забяспечваюць сацыяльныя аб’екты, нібыта, забыліся і зусім не думаюць. Мы 27 гадоў жывём у Калодзішчах, і нічога не зрушылася з месца», – працягвае жвхарка Калодзішчаў Галіна Лабковіч.

Жыхары Калодзішчаў сабраліся ў ініцыятыўную групу, калі распачалі змагацца супраць будоўлі заводу «Амкадор», а цяпер патрабуюць дамагчыся сацыяльнага ўпарадкавання аграгарадку. Пакуль улады абяцаюць толькі дзіцячую пляцоўку, але не збудаваць, а толькі ўнесці ў перспектыўны план будаўніцтва.

«Першага чэрвеня будзе дзень абароны дзяцей. Я ведаю: і ў Калодзішчах, і ў Менскім раёне пройдуць цудоўныя святкаванні – Дзень абароны дзяцей. Адзін дзень, а астатнія дні – гэта не абарона дзяцей, гэта будзе так, як у нас, у Калодзішчах», – дадае Ірына Лапніцкая.

Днямі стала вядома, што «Амкадору» ў Калодзішчах не будзе. Але вылучаную заводу пляцоўку аддадуць пад іншае вытворчае будаўніцтва.

Галіна Абакунчык, «Белсат»