З якімі ініцыятывамі і ідэямі моладзь ідзе на выбары


Алане Гебрэмарыям – 22. Яна стаматолаг, актывістка «Задзіночання беларускіх студэнтаў» і вылучэнка на дэпутацтва па 98-ай Грушаўскай выбарчай акрузе ў Менску.

Алана Гебрэмарыям, вылучэнка ў кандыдаты на дэпутацтва: «Я іду на выбары, каб кансалідаваць моладзь, узварухнуць апалітычную моладзь і падняць актуальныя для моладзі праблемы. Гэта артыкул 328, гэта пытанне размеркавання і таксама закон аб адтэрміноўках».

Апроч Аланы ў моладзевым блоку на сёння яшчэ восем аднадумцаў. Адзін з іх – Станіслаў Шашок, актывіст «Лігалайз Беларусь», занепакоены гэтак званым антынаркатычным артыкулам. На сёння за наркотыкі ў Беларусі асуджаныя каля 15 тысяч чалавек у сярэднім на 8 гадоў. Паводле праваабаронцаў, гэткія тэрміны несправядлівыя, бо распаўсюд наркотыкаў часта інкрымінуюць моладзі, якую ловяць на спажыванні.

Станіслаў Шашок, вылучэнец у кандыдаты на дэпутатцтва: «Мы не верым у тое, што выбары ў нашае краіне справядлівыя: галасы не лічаць, студэнтаў заганяюць на датэрміновае галасаванне, але гэта добрая магчымасць паразмаўляць са студэнтамі і расказаць ім пра гэтыя праблемы. Я думаю, яны натуральна хвалююць 90 % нашай моладзі».

Адсутнасць дэмакратычных выбараў (гэткімі міжнародная супольнасць не прызнавала іх з 94-га) – не адзіная перашкода. Грае ролю і адсутнасць сацыяльных ліфтаў для моладзі. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына днямі назвала беларускі парламент месцам для людзей спелых, каментуючы стаўленне нават да праўладнай 22-гадовай вылучэнкі Марыі Васілевіч, набліжанай да Аляксандра Лукашэнкі.

Юрый Чавусаў, юрыст, палітолаг: «Не сакрэт выпадкі, якія бываюць, калі некаторыя раёны правінцыйныя баграць пэўных састарэлых кіраўнікоў у парламент проста, каб ад іх пазбавіцца. Каб на лакальным узроўні, там дзе рэальная ўлада, выканкамы, аблвыканкамы, каб там расчысціць прастору для больш маладых кіраўнікоў. У гэтым сэнсе Лідзія Міхайлаўна права».

А як да наяўнасці маладых дэпутатаў у парламенце ставяцца грамадзяне?

Жыхары Менску:

«У парламенце мусяць быць прадстаўленыя людзі рознага ўзросту. Але маладым – зялёнае святло».

«Аддала б свой голас за маладога. Моладзь зусім па-іншаму думае, нестандартнае мысленне, нейкія новыя шляхі складаных пытанняў. А старое пакаленне крыху стэрэатыпна думае».

«Новым, напэўна, дарогу трэба даць. Старыя ўжо…»

Ужо неўзабаве – 17 кастрычніка – моладзевы блок прэзентуе свае законапраекты ў пытаннях размеркавання выпускнікоў, адтэрміновак ад службы ў войску і 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. І гэта – толькі першы штуршок, каб надалей працаваць на змены ў грамадстве, мяркуюць актывісты.

Юлія Лабанава, «Белсат»