З Менску – у чыстае поле. Як улады плануюць «разгрузіць» сталіцу


З’язджаць з Менску жыхароў сталіцы агітуюць прынамсі 10 гадоў. Даўно прынятая і праграма ўраду, якая прадугледжвае будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках жытла для менчукоў ды перанос прадпрыемстваў. І вось чарговы раз Аляксандр Лукашэнка заяўляе: «Менск не гумовы!»

«Людзі павінныя разумець, што мы кожны год, асабліва пасля ІІ Еўрапейскіх гульняў, асабліва ўзмоцнена будзем скарачаць аб’ёмы будаўніцтва ў Менску. Таму той, хто зразумее гэта раней за ўсіх, той і выйграе. Я ведаю, што прыблізна паўтары тысячы, а можа і дзве, чаргавікоў хочуць будавацца ў Смалявічах, будзем падтрымліваць гэта», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Статус спадарожніку Смалявічы атрымалі ў 2010-м. Планавалася, што насельніцтва вырасце з 16 да 60 тысячаў. Першы 9-ціпавярховы дом для менчукоў пачалі будаваць яшчэ ў 2012-м.

Абяцалі новы сучасны мікрараён, з развітой інфраструктураю. Пакуль жа гэта 60 гектараў поля, для менчукоў пабудавалі толькі адзін дом. Суседнія два дамы пабудаваныя для чаргавікоў са Смалявічаў. З мінулага года будуюць яшчэ адзін дом на 240 кватэраў і гандлёва-забаўляльны цэнтр з кавярнямі ды дзіцячым цэнтрам. Жыхарка Смалявічаў распавядае:

«Вось самыя бачыце, толькі тры дамы стаяць. Вось пачалося будаўніцтва гандлёвага цэнтру. Паглядзім. Вельмі чакаем».

Жахар «менскага» дому Кірыл Карака дадае:

«Амаль што нічога не збылося з таго, што абяцалі. Школы перагружаныя, транспартавае злучэнне – толькі маршруткі ці электрычка. У горадзе, каб кудысьці дабрацца, трэба здымаць там, а не тут».

Планавалася, што сюды перанясуць вытворчасць сталічныя заводы. Але гэтага не адбылося. Знайсці працу ў Смалявічах можна, але зусім не за такія грошы, як у сталіцы. Шмат хто ездзіць зарабляць у Менск. Жыхарка Смалявічаў Марыя гаворыць:

«Калі няма машыны – ад нас тут зручней за ўсё маршруткаю, бо электрычкаю далёка, маршруткі ходзяць дастаткова часта. Кожныя хвілінаў 15-20».

Каштуе маршрутка два з паловаю рублі. Электрычкаю танней, але да станцыі – 40 хвілінаў пехатою. Жыхары скардзяцца, што ў горадзе няма цэнтраў для адпачынку або басейну.

«Я проста на пенсіі. Не ведаю, куды сябе дзець. Хацелася б куды-небудзь адправіцца, сабою заняцца. Даросламу насельніцтву няма куды пайсці», – скардзіцца спадарыня Любоў, жыхарка гораду-спадарожніку Смалявічы.

Паліклініка – у іншым канцы гораду, за 4 кіламетры. Жыхар Смалявічаў Віталь Данілаў:

«Чэргі, бо адчуваецца нястача спецыялістаў. Калі вузкі спецыяліст – адпраўляюць у Бараўляны».

Але ёсць і плюсы. Жытло таннейшае, чым у Менску.

«Возера побач, прырода, менш шуму, больш чыстага паветра», – кажа Віталь Данілаў.

Але тым, хто ўжо жыве тут ці збіраецца пераехаць, хацелася б большага.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu