Аб'ектыў 25.08.2018 «З крыкам «Бей жидов!» білі па твары нагамі». Як разганялі пікет супраць уварвання ў Чэхаславаччыну


У гадавіну пратэсту «васьмі смелых» сваякі і нашчадкі дысідэнтаў сабраліся на Краснай плошчы.

50 гадоў таму сямёра адважных выйшлі на Красную плошчу ў Маскве, каб пратэставаць супраць увядзення войскаў СССР ды іншых краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну. Сёння згадаць той чын на Лобнае месца ў расейскай сталіцы сабраліся сваякі і нашчадкі дысідэнтаў, а таксама іншыя неабыякавыя грамадзяне.

«З аднаго боку, мне здаецца, што я б не пайшла, бо я б спужалася. А з другога – падаецца, што тады настолькі было бачна, дзе чорнае, а дзе белае…», – кажа Анна Красавіцкая, унучка ўдзельніцы акцыі Наталлі Гарбанеўскай.

Праз паўсотні гадоў зноўку выйшаў на Красную плошчу і адзін з тых легендарных сямі дысідэнтаў – Павел Літвінаў.

«Мы думалі, што калі атрымаецца ў Чэхаславаччыне, можа атрымацца і ў нас. Гэта была галоўная надзея. А акрамя гэтага быў сорам, што наша вялікая краіна атакавала маленькага суседа. Я адчуваў, што не магу з гэтым прымірыцца», – кажа ўдзельнік акцыі, дысідэнт Павел Літвінаў.

Апроч Літвінава і Наталлі Гарбанеўскай, сярод тых, хто тады наважыўся кінуць выклік савецкай сістэме, былі Канстанцін Бабіцкі, Ларыса Багараз, Вадзім Дэланэ, Уладзімір Дрэмалюга і Віктар Файнберг.

Была яшчэ адна – восьмая – удзельніца: Таццяна Баева, якую, зрэшты, змусілі адцурацца ад удзелу ў маніфестацыі.

«12 гадзінаў. Поўдзень. Селі. Спачатку, 3–5 хвілінаў, толькі публіка атачыла збянтэжана. Наташа трымае ў выцягнутай руцэ сцяжок ЧССР. Яна кажа пра свабоду, пра Чэхаславаччыну. Натоўп глухі… Раптам свісток, і ад маўзалея бягуць 6–7 мужчынаў у цывільным. (…) Наляцелі з крыкамі: «Яны прадаліся за долары!» Вырвалі лозунгі, пасля хвіліннага замяшання – сцяжок. Адзін з іх, з крыкам «Бей жидов!», пачаў біць Файнберга нагамі па твары. Публіка ухвальна глядзела, толькі адна жанчына абурылася: «Навошта ж біць!», – пісала ўва ўспамінах Таццяна Баева.

Савецкія ўлады прызналі Файнберга і Гарбанеўскую вар’ятамі ды прымусова адправілі у псіхбольніцы. Рэшту асудзілі на ссылкі ды зняволенне, тэрмінамі ад двух з паловай да чатырох гадоў.

«У родных быў значна большы шок ад уводу войск у Чэхаславаччыну 21-га, чым ад гэтай падзеі. Тут усе ўспрынялі – ну, значыць так. Значыць, Вадзік зрабіў свой выбар», – кажа Аляксей Шароў-Дэланэ, брат Вадзіма Дэланэ.

Сёння няма ўжо ані Савецкага Саюзу, ані Чэхаславацкай Савецкай Рэспублікі. Між тым, як адзначаюць нашчадкі дысідэнтаў, сучасная Расея нездарма лічыць сябе пераемніцай СССР.

«Некаторыя людзі сядзяць у лагерах за ўдзел у акцыях пратэсту, вы гэта ведаеце. Некаторыя – абыходзяцца штрафамі і затрыманнямі», – кажаАляксандр Даніель, сын Ларысы Багараз.

Як і паўстагоддзя таму, некаторыя ўдзельнікі сённяшняга пікету былі затрыманыя: сярод іх – стрыечны брат дысідэнта Сяргей Шароў-Дэланэ і палітык Леанід Гозман.

І яшчэ адно дэжавю. Цяперашнім сілавікам таксама не спадабалася расцяжка «За нашу і вашу свабоду!». А ўнучку Наталлі Гарбанеўскай Анну Красавіцкую забралі ў паліцыю за плакат падтрымання ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які ўжо больш за сто дзён трымае галадоўку ў расейскай вязніцы.

Праз 40 хвілінаў затрыманых удзельнікаў сённяшняй акцыі ўсё-ткі адпусцілі. Цяпер ім пагражае штраф каля $ 300.

Вітаўт Сіўчык

Глядзі таксама
Каментары