З ізаляцыі – у марскую хвалю. Першы чартэр даставіў беларусаў у Албанію


Пачатак турыстычнага сезону – сёлета ў яго сярэдзіне. Краіны прыадчыняюць сваю паветраную прастору для адпачывальнікаў – згодна з двухбаковымі дамоўленасцямі.Група турыстаў з Беларусі цяпер, пэўна, ужо засялілася ў албанскія гатэлі. Першым пасля забароны на пералёты чартарам з Менску адпачывальнікі вылецелі сёння а 16:30. Камера «Белсату», – праводзіла.

Стаміліся працаваць, стаміліся баяцца захварэць… Групе беларусаў сёння ўдалося ўцячы з ізаляцыі:

«Мы ляцім у Албанію. Каранцін нам не пагражае. У Албаніі не былі. Атрымалі такую магчымасць».

«Мы чакалі мора. Што першае адкрылася, туды і ляцім. У Албаніі не былі, таму ўпершыню».

«Пуцёўкі мы набывалі разам у лютым, калі ніякага ажыятажу не было. Інструкцыі ўсе ў нас ёсць».

Гэта першы чартар з Менску на мора – у Албанію, якая пачала адкрывацца для турыстаў 1 чэрвеня. Будзе два рэйсы ў Тырану на тыдзень. 16 чэрвеня авіякампанія «Белавія» накіруе чартар у Чарнагорыю. Квіткі на сённяшні і на чарговы рэйс літаральна размялі. Сярод пасажыраў – рэдактарка сайту toursoyuz.by Лілія Кобзік, якая прывязе з Балкан навіны пра тое, як там адпачываецца. Спадарыня Лілія распавяла «Белсату» пра надзеі айчыннага турбізнесу:

«Спадзяемся, што будзе праграма ў Турцыю, у Туніс, магчыма ў Грэцыю (з нейкімі абмежаваннямі, тэстамі, але будзе). Чакаем Чарнагорыю. Нейкія напрамкі абавязкова з’явяцца, хоць не ў тым абʼёме, у якім павінныя былі. Але турбізнес зможа выжыць».

Сёлета Албанія і Турэччына знізілі кошты на туры. Анкара з 2 ліпеня таксама пачне прымаць беларусаў. 4 ліпеня – адкрыецца паветраны шлях у Хургаду і днём пазней – у Шарм эш-Шэйх, што ў Егіпце.

Гэтыя краіны не патрабуюць ад беларусаў даведак пра вынікі тэсту на каронавірус. У аэрапортах пасажырам мераюць тэмпературу. Ужыванне сродкаў бяспекі і сацыяльная дыстанцыя – абавязковыя пад час пералёту. На пляжах і ў рэстарацыях таксама будуць эпідэмічныя правілы.

Учора еўракамісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан раіла краінам-чальцам адкрыць унутраныя межы з 15 чэрвеня.

«Пакуль яшчэ немагчыма дасягнуць агульнага зняцця абмежаванняў на паездкі з усіх знешніх межаў Еўрапейскага саюзу, але набліжаецца момант, калі мы пачнем паступова гэта рабіць».

Еўрапейскія суседкі Беларусі – Літва і Латвія працягнулі часовыя абмежаванні пры перасяканні мяжы. Польшча – паступова адчыняе калідор для беларусаў – хто працуе ці навучаецца, ужо не мусяць адбываць каранцін пасля прыбыцця. Учора першы аўтобус ECOLINES вырушыў з беларускай сталіцы ў Польскую. Пасажыры кажуць:

«Дачакаўся «Дазволу», атрымаў візу і вяртаюся на сваё працоўнае месца».

«Пакідаем свае семʼі, свае дамы, выязджаем. Калі б тут плацілі дастаткова, не выязджалі б, а тут былі».

«Мы студэнты, мы на каранціне сядзець не будзем, таму ўсё ў парадку. Радасны настрой. Нарэшце ў Варшаву!»

Гэты ідзе праз Берасце, а напярэдадні рушылі таксама аўтобусы з Горадні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»