З 11 кандыдатаў супраць Трампа выставяць аднаго. У ЗША стартавалі правыбары

11 дэмакратычных кандыдатаў і толькі адзін зможа пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла з Доналдам Трампам. У ЗША стартавалі правыбары. Адзінага кандыдата ад апазіцыі выбіраюць прыхільнікі Дэмакратычнай партыі ў штаце Аява.

Пачатак канца Доналда Трампа абвесціў у Аяве сенатар Бэрні Сэндэрз. Перадвыбары ў гэтым паўночна-ўсходнім штаце паказваюць выбарнікам у іншых рэгіёнах, хто з кандыдатаў наймацнейшы.

«Нам не патрэбны прэзідэнт, які ўзмацняецца, расколваючы нашае грамадства! Абяцаю вам: калі я стану прэзідэнтам – я аб’яднаю нашых людзей!» – паабяцаў Бэрні Сэндэрз.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

78-гадовы сацыяліст асабліва папулярны сярод моладзі. Бясплатная вышэйшая адукацыя, бясплатная медыцына, мінімальны заробак 15 долараў за гадзіну і 77-адсоткавы падатак на прыбыткі мільярдэраў. Так можна рэзюмаваць ягоную праграму. Паводле апытання «Wall Street Journal», у спаборніцтве з Доналдам Трампам Сэндэрз можа перамагчы з вынікам 49 адсоткаў выбарнікаў супраць 46.

Яшчэ большыя шанцы пабіць Трампа, згодна з апытаннямі, мае 77-гадовы Джоў Байдэн, былы віцэ-прэзідэнт ЗША:

«Кожныя 4 гады дэмакратыя пачынаецца тут, у штаце Аява. І пачынаецца з вас. Вы пачынаеце вызначаць таго, хто будзе абраны прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі. […] Мы можам зрабіць так, што 4 гады Доналда Трампа забудуцца як страшны сон. Але за 8 гадоў ён можа недапушчальна змяніць краіну. Вы нам патрэбныя!» – заклікаў у Аяве Байдэн.

Штат Аява – традыцыйна першы, дзе праводзяцца перадвыбары. У ЗША яны падзяляюцца на два віды. Кокус – гэта па сутнасці веча, калі прыхільнікі партыі збіраюцца ў адным горадзе і публічна галасуюць. А праймарыз – гэта тайнае галасаванне, якое праходзіць на выбарчых участках па ўсім штаце. Чым больш прэтэндэнт набярэ галасоў, тым большая доля дэлегатаў ад штату рэпрэзентуе яго на партыйным зʼездзе ў ліпені. Гэты зʼезд і вызначыць кандыдата ад дэмакратаў.

Калі сярэднюю паводле насельніцтва Аяву на партыйнай канвенцыі рэпрэзентуюць 49 дэлегатаў, то найбольш населеную Каліфорнію – 494. Іхныя галасы размяркуюцца ў гэтак званы супераўторак – першы аўторак вясны, калі перадвыбары традыцыйна праходзяць у паўтара дзясятку штатаў.

Стаць кандыдатам ад дэмакратычнай партыі, апрача Байдэна і Сэндэрза, жадаюць яшчэ 9 палітыкаў. Згодна з апытаннямі, перамагчы Трампа на выбарах могуць двое сярод іх.

«У Амерыцы ёсць багатыя людзі і не настолькі багатыя. Багатыя людзі могуць мець больш абутку, больш аўтамабіляў, больш дамоў, але яны не павінныя трымаць у руках большую частку нашай дэмакратыі», – абʼявіла на мітынгу ў Аяве сенатарка Элізабэт Ўорэн.

Удзельніца прэзідэнцкай гонкі прапануе, каб мільянеры штогод дзяліліся 2 адсоткамі ад сваіх актываў, мільярдэры – 3 адсоткамі. Грошы абяцае накіраваць на адбудову амерыканскага сярэдняга класу.

Яшчэ адзін моцны кандыдат – выпускнік Гарварду і Оксфарду, ветэран вайны ў Афганістане, паліглот і адкрыты гей Піт Бутыджыдж:

«Ці гатовыя вы да той раніцы, калі мы пакінем эпоху Трампа за намі? Аява, я лічу, што вы зробіце мяне наступным прэзідэнтам Злучаных Штатаў, і я зраблю ўсё магчымае, каб вы ганарыліся!» – паабяцаў Бутыджыдж.

Праграма Бутыджыджа менш радыкальная, чым ў іншых лідараў Дэмакратычнай партыі: бясплатная вышэйшая адукацыя для незаможных, бясплатная медыцына плюс рэформа выбарчага заканадаўства.

Наступныя праймарыз дэмакратаў пройдуць у Нью-Гэмпшыры ўжо праз тыдзень. Штат на паўночным усходзе ЗША наведае і галоўны апанент дэмакратаў у выбарах – прэзідэнт-рэспубліканец Доналд Трамп.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама