З 1 кастрычніка «дармаеды» заплацяць за цяпло ў 5 разоў больш


Ацяпляльны сезон распачаўся. Тым жа, хто не мае працы, але хоча жыць у цяпле, давядзецца плаціць болей. З заўтрашняга дня ўнесеным у базу незанятых у эканоміцы будуць налічваць 100 адсоткаў аплаты за газ і ацяпленне.

Не працуеш? Аддавай больш грошай! З заўтра «дармаеды», якія маюць у валоданні жытло, маюць плаціць у 5 разоў больш за ацяпленне і газ.

Усё дзякуючы славутаму дэкрэту Лукашэнкі нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», перанароджаным у дэкрэт нумар адзін «Аб спрыянні занятасці насельніцтва».

«Калі дармаеды ва ўладзе будуць плаціць больш, я лічу, гэта правільная захада».

«Напэўна, правільна.

– Чаму?

– Бо трэба працаваць і падаткі плаціць».

«У нас жыццё людзей пагаршаецца, як можна павышаць?»

«Дык гэта ж вяртаецца пракляты бальшавізм да нас!» – кажуць жыхары Берасця.

Летась міністр працы і сацыяльнае абароны Ірына Касцевіч налічыла ў Беларусі паўмільёна дармаедаў. Сёлета ў лютым у міністэрстве сцвердзілі, што ў базу ўвайшло 425 тысячаў чалавек. Мы патэлефанавалі ў Мінпрацы, каб спраўдзіць, ці змянілася нешта за 7 месяцаў?

«Скажыце, калі ласка, а тэлеканал «Белсат» у нас зарэгістраваны афіцыйна, акрэдытаваны?» – сустрэчным пытанне заявіла прэс-сакратарка Міністэрства працы і сацабароны Вольга Шцін.

Прынамсі ў самым Мінпрацы – без пераменаў. Колькі грамадзянаў Беларусі будзе вымушана з заўтра плаціць 100 адсоткаў за ацяпленне і газ, нам не адказалі. Пачуўшы пра «Белсат», прэс-сакратарка проста кінула слухаўку.

«За кожнай лічбай стаіць канкрэтная сям’я, канкрэтны чалавек. Таму з гэтым трэба разбірацца. І я думаю, што яны ўжо трошкі наеліся гэтых дэкрэтаў ды іх выканання», – мяркуе лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Першая спроба рэалізацыі Дэкрэту нумар 3 у 2017 годзе выклікала масавыя вулічныя пратэсты па ўсёй краіне. Пасля рэпрэсіяў і адначасова абяцанняў саступак з боку ўладаў справа заціхла. Публічнага абурэння не чутно, але дэкрэты ўсё адно парушаюць Канстытуцыю, нагадвае Генадзь Фядыніч:

«Абурэнне можа наступіць толькі тады, калі чалавек атрымае тое, з чым ён не згодны сёння».

А жыроўкі з павышанымі тарыфамі гэтак званыя дармаеды атрымаюць толькі ў лістападзе. Эканаміст Марыя Акулава з аналітычнага цэнтру «Beroc» зазначае наступнае:

«У іншых краінах людзям, якія апынуліся па-за рынкам працы, аказваюць адпаведную дапамогу. Захады, якія ў гэтым дэкрэце пачаткова прапаноўваліся, – яны несправядлівыя».

Зрэшты, да 100-адсоткавай аплаты паслугаў ацяплення і газу ў Беларусі абавяжуць усіх, калі не налета, то пазней, нагадвае Марыя Акулава. У сваю чаргу адмысловец у ЖКГ Уладзімір Навасяд задаецца пытаннем, што такое 100 адсоткаў платы за паслугі ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на іх:

«Напрыклад, у Швецыі ўжо цяпер кілават-гадзіна каштуе танней, чым у нас. А ўсё таму, што ў іх сетка, па якой ідзе транзіт электрычнасці, у камунальнай уласнасці, а вытворцы могуць быць розныя».

На думку эксперта, уладам у Беларусі трэба кардынальна мяняць палітыку ў сферы ЖКГ, уключаючы яе ў вольны рынак. Але пакуль урад абмяжоўваецца павышэннем тарыфаў для людзей, якія не маюць працы ў Беларусі.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu