З 1 чэрвеня павялічваюцца тарыфы на паслугі ЖКГ


Чарговае павышэнне тарыфаў ЖКГ. Гэтым разам уверх ідуць кошты ацяплення ды гарачае вады. Прычым сам сабою тарыф не змяніўся – гутарка толькі пра кошты, якія нібыта пакрывае «сацыяльная» дзяржава. Хто і як насамрэч вылічвае тыя самыя запаветныя 100 адсоткаў аплаты камунальных паслугаў, да якіх імкнуцца ўлады?.

Былая інжынер Святлана Вяргейчык на дваіх з мужам дзеліць звычайную менскую трохпакаёўку. Дзякуючы складанню пенсіяў штомесяц сям’я мае каля 850-ці рублёў. З іх толькі на аплату жыроўкі апошні раз сышло 66 рублёў 74 капейкі. І гэта без уліку святла, тэлефоннай сувязі ды інтэрнэту.

«У нас на ўсе гэтыя выдаткі, напэўна, больш за 40 адсоткаў сыходзіць. Вядома, мы ашчаджаем», – кажа пенсіянерка.

А ашчаджаць давядзецца яшчэ больш, бо з сённяшняга дня на 1,55 рубля павысіліся субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і гарачую вадУ. Пры тым гэтак званы эканамічна абгрунтаваны тарыф не змяніўся.

«У нас пакуль гэтыя падлікі робіць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ды жылкамгасы ў рэгіёнах. Гэта няправільна. Павінныя быць незалежныя ацэншчыкі. Гэта можна зрабіць паводле прыкладу розных краінаў. Напрыклад, прафзвязы. Бо ў кошт працоўнай сілы ўключаюцца ўмовы жывацця», – кажа Леанід Заіка, эканаміст.

Пакуль ва ўладаў проста не было волі ды жадання навесці парадак у гэтай сферы, мяркуе эканаміст Леанід Заіка. Нягледзячы на гэта, камунальнае пытанне даволі часта абмяркоўваецца на дзяржаўным узроўні. Прычым кожны раз у заявах прадстаўнікоў уладаў фігуруе розны адсотак, які нібыта пакрывае сацыяльная дзяржава, – то 80, то 20, то 30.

«Хлопцы, вы хлусіце. Вы цудоўныя хлусы, тыя, хто пра гэта кажа. Бо калі датуецца камунальная гаспадарка, то грошы бяруцца з падаткаў. А падаткі плоцяць грамадзяне краіны», – адначае эканаміст Леанід Заіка.

А што, уласна, самыя грамадзяне, за кошт якіх дзяржава па сутнасці і датуе ЖКГ, думаюць пра павышэнне тарыфаў?

«Я думаю, што трэба спыняць гэты рабунак народу».

«Я на камунальныя паслугі выдаткоўваю ўсю сваю пенсію».

«Усе чакаюць запуску электрастанцыі. Можа, кошты энергіі трохі зменшацца. Хоць, ведаючы тэндэнцыі, усё ж чакаеш росту».

«Нестабільная эканоміка, кошты растуць, таму наўрад ці штосьці зменіцца».

Каб было дастаткова на жыццё і лекі (пра падарожжы і годныя вольны час нават не вядзецца), ашчаджаць даводзіцца літаральна на ўсім, кажа пенсіянерка Святлана Вяргейчык: ад спажывання вады і да набыцця харчоў: «У нас ніякіх льготаў няма, абсалютна ніякіх. Хоць мы ветэраны працы – і муж, і я. Але нічога, ніякіх ільготаў не маем. Шкада, што мы інжынеры, а не чыноўнікі ды не вайскоўцы».

Святлана ж упэўненая, што камуналка будзе расці надалей. І сапраўды, у планах дзяржавы – давядзенне аплаты паслугаў ЖКГ насельніцтвам да тых самых – шмат для каго ўяўных ста адсоткаў. Але – у межах пяці долараў на год. Колькі ж гэта будзе працягвацца з улікам інфляцыі, можна толькі варажыць.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu