Юрыдычныя абсурды ўладаў


Штрафы, арышты ды звальненне з працы за ўдзел у мірных мітынгах – з гэтым сутыкнуліся за апошні месяц тысячы беларусаў. Але акцыі пратэсту супраць дыктатуры працягваюцца. Несправядлівыя выракі толькі падаграюць абурэнне грамадзянаў.

Арцём Савіцкі – да нядаўняга электраманцёр «Гомсельмашу» – пачаў судзіцца з ужо былым працадаўцам. Два тыдні таму яго звольнілі за «няяўкі на працу цягам чатырох месяцаў з прычыны непрацаздольнасці». Аднак Арцём здаровы і на працу хадзіў штодня.

«Я хадзіў на забастоўкі, даваў інтэрв‘ю людзям, расказваў пра рэальную сітуацыю на «Гомсельмашы». Зразумела, ім гэта не падабаецца».

Арцём адным з першых распавёў, як падчас пратэстаў кіраўніцтва «Гомсельмашу» зачыняла працаўнікоў у цэхах, – так тлумачыць сваё звальненне электраманцёр.

Пра здзейсненае ён не шкадуе. «Я б больш зрабіў, калі б ведаў, што будзе далей!» – кажа Арцём. З працы звольнілі і Яўгена Абукаўскаса – вальшчыка лесу на Каранёўскай эксперыментальнай лясной базе. Перад гэтым яго аштрафавалі за ўдзел у нядзельнай акцыі пратэсту. У шэсці ён браў удзел, бо быў абураны той жорсткасцю, што прадэманстравалі пасля выбараў сілавікі.

«Забойствы – і ніхто на гэта не рэагуе! Для каго існуе гэткая дзяржава? Я не хачу, каб мае дзеці жылі так, як мы, як мае бацькі», – прызнаецца Яўгена Абукаўскас.

Уласнік кавярні «Сава» у вёсцы Лучынаўка пад Віцебскам збіраўся зачыняць яе ў лістападзе. Фінансы падарваў каронавірус. Аднак змушаны зачыніць хутчэй.

«Санстанцыя – тры разы за апошні месяц, пажарная інспекцыя, камітэт дзяржаўнага кантролю, ЦСМ – я нават усіх не запомніў! Мы вымушаныя будзем зачыніцца праз тыдзень-два. Рахунак нам заблакавалі», – распавядае ўладальнік Яўген Кавалеўскі.

Прычына – пакінуты некім надпіс «Света 80 %». На патрабаванне зафарбаваць яго самастойна Яўген адказаў адмовай. Чыноўнікі зафарбоўваць яго за дзяржаўны кошт не пажадалі. Тады ўласнік падаў заяўку наконт таго, каб фраза «Света 80» зрабілася назваю кавярні. Райвыканкам адказаў маштабным правяраннем.

«Стаялі, глядзелі, як зафарбоўваюць гэты надпіс. Правяралі прадукты харчавання, адпаведнасць сертыфікатам. Кабінет Яўгена распячаталі, і там ператрус быў», – пералічвае

знаёмая ўладальніка кавярні Алена Каснова.

Яўген і ягоная сям’я, аднак, не саступаюць.

«Мы падалі заяву наконт таго, каб назваць кавярню «Света, Маша, Вераніка». Заява на разглядзе. Чакаем адказу», – кажа дачка ўладальніка кавярні Уладзіслава Кавалеўская.

Толькі за ўчорашні дзень за ўдзел у пратэстах штрафы ды «содні» прысудзілі 62 асобам. Ці ў міліцыянтаў і суддзяў змяншаецца ахвота служыць судоваму канвееру?

«Ёсць працаўнікі, якія мякка абыходзіліся. Ёсць выпадкі, калі пратаколы заварочваюць для далейшага разбору, і пазней караюць «мінімальна». Розныя выпадкі ёсць, але пакуль, на жаль, гэта не так маштабна», – дзеліцца назіраннямі праваабаронца Алег Гулак.

Ці штрафамі і арыштамі ўлады змогуць спыніць пратэсты?

«Яны думаюць, што гэта эфектыўна, а мы – што не. Гэта ім не дапаможа».

«Я думаю, што спыніць. А што ўвогуле яны хочуць? Якой свабоды? У нас свабодная краіна!»

«Абсалютна неэфектыўныя дзеянні ўладаў. Я думаю, што трэба ісці на перамовы з грамадзянскай супольнасцю. Толькі гэта прывядзе да парадку».

«Мы ўваходзім у перыяд глыбокіх сацыяльна-палітычных (а відаць, таксама і эканамічных) трансфармацыяў. Заглушыць гэтую трансфармацыю ўжо немагчыма», – мяркуюць жыхары Горадні.

Пра чарговы арышт у межах справы «аб масавых беспарадках» паведаміла прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў. Арыштаваны – мужчына, які, паводле Вольгі Чамаданавай, 11 жніўня разбіў шкло ў аўтобусе з міліцыянтамі. Крымінальных справаў праз факты збіцця і забойстваў, здзейсненых сілавікамі, следчыя органы па-ранейшаму не распачалі.

Аляксандр Папко, «Белсат»