Юдэі разам з хрысціянамі адсвяткавалі Хануку


«Ўан лайт» – святочны фестываль культураў – праходзіць у Варшаве ўпершыню. Ён прысвечаны дзвюм падзеям: габрэйскаму святу Ханука і хрысціянскаму святу Божага Нараджэння – яны сёлета стаяць блізка. Ханука пачынаецца 22-га снежня. І, вядома, Божае Нараджэнне, хрысціянскае, – 25-га снежня.

Пра мэту фестывалю падрабязней распавяла суарганізатарка імпрэзы Катажына Думаньска:

«Святочны фестываль культураў «Ўан лайт» («One light») узнік, каб аб’ядноўваць, паказваць супольнае, збіраць людзей вакол агульнага пасылу – спакой, любоў, надзея».

«Ўан лайт» спалучае не толькі культуры, але і сучаснае са старажытным. Напрыклад, цяпер за маёй спінаю музыкі з Іерусаліму выконваюць псалмы па-габрэйску ў сучаснай аранжыроўцы.

«Жонка ў царкву ходзіць. Жонка любіць такія імпрэзы. Нам папросту падабаецца».

«Мы любім такія ўрачыстасці. Мы верым у Бога», – адзначаюць госці свята аб прычыне прыходу.

Уласна адбыўся самы важны момант гэтай імпрэзы і свята – Ханука: запалілі першую свечку на Ханукіі. Так габрэі кожны дзень будуць запальваць яшчэ па адной свечцы да 30 снежня.

«Дзякуючы таму, што мы Беларусь вельмі любім, яна вельмі блізкая нашаму сэрцу, дакладна, калі будзем рабіць наступныя фестывалі, будзем запрашаць нашых сяброў з Беларусі», – падзяліўся пастар хрысціянскай суполкі «Поўнач» Кшыштаф Зарэмба.

Ну а пакуль тут, на «Ўан лайт», хрысціяне і габрэі працягваюць свае святкаванні.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»