Ёсць спосаб зрабіць інтэрнэт-петыцыі больш эфектыўнымі


Як прымусіць чыноўнікаў дапамагаць людзям у развязанні праблемаў? Адзін з папулярных спосабаў – петыцыі. Стваральнікі праекту petitions.by прэзентавалі прапановы ў законапраект аб зваротах грамадзянаў, якія могуць зрабіць петыцыі ў Беларусі больш эфектыўнымі.

Жыхарка Менску Ганна Клімовіч летась даведалася, што ў адзіную беларускамоўную школу ў ейным родным Дзяржынску расейскамоўных класаў набралі болей за беларускамоўныя. Ганна абурылася і стварыла ў інтэрнэце петыцыю:

«Я стварыла петыцыю, бо мне ў прынцыпе неабыякавая беларуская мова і яе лёс. У прыватнасці, я сама з гораду Койданава, ці цяпер Дзяржынску», – распавядае яна.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Петыцыю падпісалі каля 700 чалавек, і ў выніку расейскамоўных класаў у Дзяржынскай гімназіі ствараць не будуць.

«Сапраўды было шмат падтрымкі ад людзей, гэта плюс. Таксама ёсць аспект агульнай сітуацыі ў краіне цяпер, калі ёсць нарастанне незадавальнення русіфікацыяй», – тлумачыць дзяўчына.

Грамадскі актывіст і блогер Антон Матолька кажа: каб петыцыя мела поспех, яна мусіць быць канкрэтнай і патрабаваць дакладнага развязання.

«Калі мы кажам, што неабходна вылучыць фінансаванне для рамонту дарогі, шанцаў, што гэты зварот будзе вырашаны, значна большы, чым «патрабуем звольніць Шуневіча», – зазначае Матолька.

Паводле кіраўніка платформы petitions.by Уладзіміра Кавалкіна, паспяховасць петыцыяў даволі складана замерыць. Найбольш аб’ектыўны паказнік – ці выканалі ўлады свае абяцанні, хоць бы і праз некаторы час.

«Вада камень точыць: няма гарантыяў, што калі вы напішыце петыцыю і збераце подпісы, то вы вырашыце праблему. Але ёсць абсалютная стоадсоткавая гарантыя, што калі вы нічога не напішаце, то нічога не адбудзецца», – сцвярджае Уладзімір Кавалкін.

За 5 гадоў існавання платформы petitions.by на ёй стварылі прыблізна 2,5 тысячы петыцыяў, пад якімі паставілі больш за 600 тысяч подпісаў. Цяпер штомесяц на сайце зʼяўляецца прыкладна 60 петыцыяў.

Паводле стваральнікаў сайту petitions.by, папулярнасць петыцыяў сярод беларусаў расце, але праблема ў тым, што заканадаўства не мянялася шмат гадоў. Таму ўдзельнікі праекту распрацавалі ўласны план зменаў у закон «Аб зваротах грамадзянаў».

Яны прапаноўваць увесці ў заканадаўства паняцце «петыцыя», указваць ідэнтыфікацыйны нумар пашпарту замест адрасу рэгістрацыі ды зрабіць магчымасць ініцыяваць законы праз электронныя звароты. Усе прапановы можна прачытаць на сайце petitions.by.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu