Ёсць рэч, якая не дае ўладам змяняць канстытуцыю як ім хочацца


Казімеж Вайнякоўскі, «Прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 года», 1806 год. Выява – Нацыянальны музей у Варшаве

Першай еўрапейскай канстытуцыі сёння спаўняецца 228 гадоў. Аляксандр Папко параўноўвае, як сёння шануюць асноўны закон у краінах Усходняй Еўропы.

Першай еўрапейскай канстытуцыяй, якую 3 траўня 1791 года прыняў Сойм Рэчы Паспалітай, ганарацца не толькі палякі, але і іншыя нашчадкі тае дзяржавы – літоўцы, беларусы і ўкраінцы. Праўда, калі канстытуцыі Польшчы 1997-га і Літвы 1992-га гадоў з моманту іх прыняцця застаюцца нязменнымі, то асноўныя законы іх усходніх суседзяў стабільнымі не назавеш.

Рэпартаж Аляксандра Папко выйшаў у эфір 3 траўня ў поўным выданні навінаў:

Яскравы прыклад – Беларусь. Пасля прыняцця дэмакратычнай Канстытуцыі 1994 года да ўлады прыйшоў аўтарытарны кіраўнік Аляксандр Лукашэнка. Ужо праз год ён шляхам рэферэндумаў пачаў змяняць Асноўны закон, што дало яму неабмежаваную ўладу.

«Грамадства (вялікая яго частка) хацела атрымаць аўтарытарны рэжым – і яно атрымала аўтарытарны рэжым з аўтарытарнай канстытуцыяй», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Канстытуцыю з моцнай уладай прэзідэнта ўхваліла ў 1996 годзе Украіна. Пасля Аранжавай рэвалюцыі 2004 года яна стала парламенцкай рэспублікай. Шырокія паўнамоцтвы вярнуў сабе Віктар Януковіч, аднак яго змяла Рэвалюцыя годнасці, і цэнтр ўлады зноў вярнуўся ў парламент.

«Ніхто не абмяркоўвае ўсур’ёз варыянту вяртання прэзідэнту глабальных паўнамоцтваў. Некалькі разоў Украіна абпальвалася на адзінаўладдзі, і адзінаўладдзе адкрыта палохае», – кажа палітолаг Кірыл Сазонаў.

Расея ж пайшла шляхам пашырэння паўнамоцтваў прэзідэнта. Папраўкі ў канстытуцыю ўносілі тройчы. Самыя значныя – у 2008 годзе. Тады прэзідэнцкі тэрмін павялічылі з чатырох да шасці гадоў. Якраз другі шасцігадовы тэрмін запар кіруе краінай Уладзімір Пуцін. Ці няма ў расейскага лідара жадання кіраваць і пасля 2024 года?

«Існуюць розныя сцэнары. Яны абмяркоўваюцца. У Расеі гэта вельмі не цікава, таму што які з сцэнарыяў будзе выкарыстаны – наогул не важна. Важнае стаўленне грамадзянаў да самога факту бессаромнага маніпулявання Канстытуцыяй«, – кажа прэзідэнт расейскага фонду «ІНДЭМ» Георгій Сатараў.

А вось Аляксандр Лукашэнка пасля чарговага рэферэндуму адмяніў абмежаванні тэрмінаў прэзідэнцтва яшчэ 15 гадоў таму. Аднак і ён нядаўна заявіў, што Канстытуцыю трэба мяняць.

«Лукашэнка не вечны. І ён вельмі выразна сказаў у апошнім пасланні, што такую Канстытуцыю, дзе ўся ўлада засяроджаная ў адных руках, ён не хацеў бы перадаць. Таму неяк яе трэба трошкі размыць», – кажа Сяргей Нікалюк.

Першая ў Еўропе канстытуцыя, гадавіну прыняцця якой святкуюць сёння ў Польшчы, пратрымалася ўсяго два гады і была скасаваная ў выніку ваеннага ўмяшання Расеі ды Прусіі. Не даўжэй пратрымаўся і першы Асноўны закон Францыі, прыняты ў той жа год, што і ў Рэчы Паспалітай.

Гісторыя паказвае, што канстытуцыя як такая не гарантуе трывалай дэмакратыі. Хутчэй, наадварот – гэта моцны дэмакратычны лад робіць канстытуцыю трывалай і нязменнай».

Аляксандр Папко, «Белсат»