Аб'ектыў 13.12.2017 Яшчэ адзін трэснуў. Што адбываецца з мастамі?


7-а снежня аўтамабільны мост праз Прыпяць, які злучае Жыткавічы і Тураў, трэснуў і правіснуў. У гэты ж дзень яго зачынілі для руху. Мост мае вельмі важнае значэнне для камунікацыі ва ўсім Палессі, таму ў той жа дзень Міністэрства надзвычайных сітуацый наладзіла пераправу: легкавікі перавозілі праз раку паромы, а людзей – кацеры.

Аднак, ужо 10-га снежня Міністэрства надзвычайных сітуацый праклала пантонны мост праз Прыпяць, каб аднавіць рух паміж населенымі пунктамі. Таксама да маста былі тэрмінова падведзеныя асфальтавыя дарогі. Такім чынам, рух вядзецца праз часовую канструкцыю.

Мост праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне збудавалі ў 1985-ым

Пры даўжыні ў 888-ем метраў ён з’яўляецца самым доўгім у Гомельскай вобласці. Два гады таму мост рэканструявалі – мянялі верхняе пакрыццё.

Што магло стаць прычынай разбурэння абноўленай канструкцыі?

«Ужо па-ўсялякаму людзі тут аналізуюць. Два гады ж таму рабілі рэканструкцыю нейкую, капітальны рамонт гэтага маста. Значыць дзесьці штосьці недаглядзелі».

«Ну ў нас так усё, па-мойму, будуецца. Што ўсё трэскаецца. Хутчэй, толькі б хутчэй, тэрміны».

– кажуць мясцовыя жыхары.

За справу бяруцца вярхі

Па папярэдняй інфармацыі, прычынай разбурэння маста маглі стаць яго канструкцыйныя хібы. Высвятленнем усіх акалічнасцяў здарэння займаюцца на самым высокім узроўні беларускай улады.

«Задача – гэта ў самы кароткі тэрмін правесці расследаванне. Камісія створана пры міністэрстве транспарту. Павінна да наступнай пятніцы зрабіць сваё заключэнне і ўнесці ва ўрад прапанову, якім чынам мы будзем узнаўляць ці змяняць іншае тэхнічнае прыстасаванне па пабудове гэтага маста», – адчытаўся намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Анатоль Калінін.

Такіх мастоў шмат?

Нагадаем, раней падобны інцыдэнт адбыўся з такім жа мастом у Бабруйскім раёне, тады на яго рамонт пайшоў роўна год. У той жа час, на працягу месяца плануецца дэталёва абследаваць яшчэ тры масты, пабудаваныя па дадзенай тэхналогіі ў Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары