«Яны стаміліся ад жалю». Як валанцёры дапамагаюць «асаблівым дзецям» стаць «як усе»


У Гомлі прайшоў заключны этап дабрачыннага конкурсу для дзяцей з інваліднасцю «Зорны час – услед за марай». Чым ён адзначыўся, хто натхніў арганізатараў на стварэнне праекту ды ці лёгка ў наш час жывецца «асаблівым дзецям»?

Рэпартаж Сцяпана Святлова глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 траўня:

Ульяна Шахніцкая нарадзілася на два з паловаю месяцы раней за тэрмін. Нягледзячы на працяглую рэабілітацыю ды дыягназ ДЦП дзевяцігадовая дзяўчынка імкнецца да здзяйснення сваёй мары – стаць балерынаю.

Ульяна, як і трыццаць іншых дзяцей, удзельнічае ў дабрачынным праекце «Зорны час – услед за марай»: танчыць рукамі ды распавядае верш пра балерыну.

«Твор пра мару – пра танец, пра мару, пра балет», – кажа Ульяна.

Менавіта дзяўчынка натхніла арганізатараў «Зорнага часу» на стварэнне гэтага праекту.

«Вось гэтая мара нас натхніла на такі праект. Мы знайшлі хлопчыкаў і дзяўчатак, якія таксама мараць – у іх ёсць нейкая мара, сабралі іх, і стварылі вось такі праект», – кажа Мікалай Колаш з валанцёрскага атраду «Адкрытыя сэрцы».

Да праекту мараў далучыліся як валанцёры гомельскіх дабрачынных арганізацыяў, гэтак і прафесійныя вакалісты, сцэнографы, стылісты, дызайнеры адзення ды выкладчыкі дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў.

«Танчаць звычайна душою, а не нагамі ці рукамі. Калі душа пяе, то рухаюцца і рукі, і ногі, і ўсё, што жывое ўнутры», – кажа харэограф Ірына Кірносенка.

А таму ўдзельнікаў гэтага дабрачыннага праекту называюць асаблівымі дзецьмі.

«Яны вельмі мараць пра тое, каб быць звычайнымі, як усе. Таму яны псіхалагічна вельмі стаміліся ад нейкага жалю, завышанай увагі менавіта да іх асаблівасцяў», – кажа Святлана Касценка з Цэнтру інклюзіўнай культуры.

Як і ўсе іншыя, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі імкнуцца раскрыць свой патэнцыял. Хтосьці спрабуе сябе ў танцы, нехта – у жэставай песні. З пантамімаю на выдатна спраўляюцца людзі з парушэннямі слыху ды зроку.

«Сёння яны ўсе малайцы, яны ўсе – пераможцы. Няхай гэты праект акрыляе дзяцей, няхай для кожнага з іх ён стане маленькай прыступкай на шляху да іх галоўнай, запаветнай мары», – дадае Мікалай Колаш.

Арганізатары хочуць, каб гэткім жа чынам маглі развівацца і ўсе іншыя «асаблівыя дзеці» краіны. Аднак бацькі прызнаюцца, што не кожнаму гэта пад сілу.

«Мы хацелі Кацюню аддаць у музычную школу, але не здолелі туды трапіць, бо Кацюня ў нас – на вазку, а там няма безбар’ернага асяроддзя, паўсюль лесвіцы, няма ані пандусаў, нічога», – кажа Таццяна Сакалоўская, маці дзяўчыны з інваліднасцю.

Гледачы на заключным этапе дабрачыннага конкурсу «Зорны час – услед за марай» у Гомлі. Фота – «Белсат»

Пра цяжкасці з адаптацыяй кажа і бацька пераможцы спаборніцтваў у плаванні сярод дзяцей з інваліднасцю. Аднак разам з гэтым заўважае і пазітыўныя зрухі.

«Інфраструктура, вядома, развіваецца, апошнім часам стала нашмат лепш. Нават на прыкладзе Арыны – наконт плавання – раней для такіх дзяцей не было нічога, але на дадзены момант, як бачым, пайшлі вынікі, зʼявіліся рэспубліканскія спаборніцтвы, дзеці пачалі некуды выязджаць. Таму рухаемся наперад, усё рухаецца», – кажуць Дзмітрый і Арына Гулевічы.

Як рухаюцца далей, услед за марай, і ўдзельнікі праекту «Зорны час».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»