«Ямал-Еўропа» не пампуе газу

Еўрапейскі рынак ломіцца ад газавых прапановаў, сховішчы на 70 % поўныя, а яшчэ толькі травень. Прычына – цёплая зіма, сезоннае падзенне попыту на вуглевадароды, памножанае на каранцінныя абмежаванні, а таксама пастаўкі звадкаванага газу танкерамі з Катару, Злучаных Штатаў ды іншых краінаў. Традыцыйную здабычу з газавых радовішчаў спыняць занадта дорага. Таму трэйдары, апытаныя агенцтвам «Reuters», прагназуюць нулявыя або мінусавыя кошты на газ напрыканцы месяца.

«Канешне, уплыў Расеі ў Еўразвязе змяншаецца – праз дыверсіфікацыю, з-за небяспекі ненадзейнага, непрадказальнага, нестандартнага пастаўшчыка, якога Еўропа бачыць у Расеі і спрабуе знайсці абарону ад яго», – тлумачыць палітолаг Вольга Харламава.

Пасля «газавых войнаў» то з Украінаю, то з Беларуссю расейскі дзяржаўны манапаліст «Газпром» адчувае мноства праблемаў. Недабудаваны трубаправод у Нямеччыну праз Балтыйскае мора – «Nord Stream – 2» – трапіў і пад амерыканскія санкцыі, і пад дырэктыву Еўразвязу, якая забараняе ўладальніку трубы быць адзіным, хто ёй карыстаецца. Краіны Еўропы адна за адной інвестуюць у альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны.

Напрыклад, Польшча пасля будаўніцтва тэрміналу для звадкаванага газу ўдзельнічае ў праекце «Baltic Pipe» – трубаправодзе з Нарвегіі праз Данію, у тым ліку каб прадаваць газ суседзям.

«Калі казаць пра поўную дыверсіфікацыю паставак газу ў Польшчу, пра поўную незалежнасць Польшчы як спажыўца ад Расеі, то гэта кантрольная кропка на шляху да незалежнасці», – заявіў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда 4 траўня.

Але Менск доступам да свабоднага рынку скарыстацца не можа: беларускую частку трубаправода – «Белтрансгаз» – Аляксандр Лукашэнка прадаў Расеі, іншых пастаўшчыкоў пакуль няма. Парадаксальна, але расейскі газ цяпер таннейшы для Нямеччыны, чым для Беларусі. З Масквой падпісаны гадавы кантракт па кошце $ 127 за тысячу кубаметраў. Расейскі міністр энергетыкі ў канцы красавіка заявіў, што перагляду кошту не будзе. Для параўнання: у пятніцу на галандскім газавым хабе TTF тысячу кубаметраў газу прадавалі за $ 26,4.

«Мы прадалі толькі магістральны газаправод. Уся астатняя газавая сістэма Беларусі належыць Беларусі. І нават газаправоды да галоўных спажывальнікаў належаць нам – да ТЭЦ, «Горадняазот», напрыклад. І гэта дае пэўныя магчымасці і ўплываць на спажыванне, і шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. Мы можам адключыць гэтую сістэму ад сістэмы «Ямал-Еўропа», хаця тэхнічна гэта даволі складана, патрабуе інвестыцыяў і, што самае галоўнае, часу», – мяркуе Вольга Харламава.

Ёсць і іншыя варыянты нерасейскіх паставак.

«Ёсць так званыя своп-здзелкі. Напрыклад, Беларусь купляе пэўны абʼём газа, праз ЛНГ-тэрмінал. Ён знаходзіцца на польскай тэрыторыі. Далей дамаўляемся з РФ, што беларускі газ ідзе ў Нямеччыну з тэрыторыі Польшчы, а Беларусь забірае на мяжы з Расеяй такі ж абʼём газа», – тлумачыць аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Але нават так Беларусь мусіць істотна даплочваць «Газпрому», падкрэслівае Ігар Тышкевіч. Адпаведна з усё тым жа кантрактам аб продажы кампаніі «Белтрансгаз».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама