Якою будзе Еўропа ў бліжэйшай будучыні? Нямеччына выбірае


Ангела Мэркель застанецца канцлерам Нямеччыны. Паводле першых неафіцыйных экзітполаў, ейны блок хрысціянска-дэмакратычных партыяў лідаруе на парламенцкіх выбарах. Але ў немцаў ёсць прычыны хвалявацца. У Бундэстаг прайшлі правыя папулісты з партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Афіцыйныя вынікі галасавання будуць пазней.

У адной з самых моцных, перадусім эканамічна, краінаў ЕЗ, якая мае найважнейшы голас у фармаванні курсу Абʼяднанай Еўропы, сёння адбылІся ўсеагульныя выбары ў Бундэстаг.

Выбарнікі ў Берліне кажуць:

«Я думаю, гэта вялікі прывілей – мець магчымасць аддаць свой голас, узяць удзел у прынЯцці пастановаў, як будзе развівацца краіна. Шмат дзяржаваў, дзе такога няма».

«У мяне трое дзяцей. Для мяне вельмі важна дапамагчы сфармаваць будучыню для (й)іх. На гэты момант гэта найважнейшы чыннік, чаму я галасую».

«Гэта нашае права і наш абавязак як грамадзянаў. А сёння яшчэ вельмі важна не дапусціць правага ўхілу ў грамадстве. Кожны голас мае значэнне, і я буду галасаваць супраць радыкалаў».

Асноўны канкурэнт існай канцлер Анґелы Мэркель – ейны партнёр у кіроўнай кааліцыі, лідар лэвацэнтрыстаў Марцін Шульц.

«Я мяркую, нават сёння, у дзень выбараў, ёсць людзі, якія не вызначыліся, што рабіць са сваім голасам. Я спадзяюся, што бальшыня пастанавіла цягам апошніх дзён і сёння аддала свой голас за мяне. Перакананы, што такія ж спадзевы маюць і іншыя кандыдаты», – заявіў Марцін Шульц.

Сярод адметнасцяў сёлетніх выбараў – вялікая імавернасць, што сярод народных выбраннікаў могуць апынуцца праварадыкалы – «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якія спекулююць на ісламафобіі ды выступаюць супраць палітыкі адчыненых дзвярэй.

«Калі паглядзець на гісторыю з 1949-га года – мы ўжо мелі правыя, радыкальныя партыі на рэгіянальным узроўні. Але насамрэч на федэральным узроўні гэта будзе ўпершыню пасля Другое сусветнае вайны», – адзначае Пэтэр Матушэк (інстытут FORSA»).

Паводле вынікаў апошняга перад выбарамі апытання, ультраправыя могуць разлічваць нават на трэцяе месца – з трынаццаццю адсоткамі галасоў выбарнікаў. За Марціна Шульца выказалася пятая частка апытаных. За Мэркель – кожны трэці.

«Пачынаючы з фінансавага і банкаўскага крызісу ў 2008-ым -9-ым, Мэркель удалося сябе пазіцыянаваць як свайго роду ратавальны парасон. Яна заўсёды рабіла на людзей такое ўражанне, што яна стаіць на варце, што ўсе жудасныя рэчы, якія маглі б паўплываць на паўсядзённае жыццё, абмінуць іх», – кажа Манфрэд Гюльнэр (інстытут «FORSA»).

Анґела Мэркель у выпадку перамогі зойме пасаду канцлера ўжо чацверты раз. Выглядае, што ў кантэксце беларускага пытання яна таксама найбольш пажаданая асоба. Прынамсі для дэмакратычна скіраванай часткі палітычнага поля.

«Яна неаднаразова выказвалася адносна сітуацыі ў Беларусі. Ейныя міністры замежных справаў таксама, асабліва Гіда Вэстэрвэле, у свой час прыязджалі ў Беларусь і выказваліся адносна таго, што адбываецца ў нашай краіне. То бок Ангела Мэркель ведае, дзе знаходзіцца Беларусь. І яна ведае таксама шэраг беларусаў. Відавочна, яна бачыць Беларусь, як асобную дзяржаву», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

За першыя чатыры гадзіны галасавання да выбарчых урнаў прыйшлі больш за сорак адсоткаў выбарнікаў. Упершыню МЗС Нямеччыны запрасіў назіраць за хадою галасавання прадстаўнікоў місіі АБСЕ. Урад краіны раней неаднаразова выказваў занепакоенасць магчымаю маніпуляцыяй пракрамлёўскімі медыямі меркаваннямі немцаў – перадусім праз фіктыўную ці аднабакова прэзентаваную інфармацыю.

Лола Бурыева, «Белсат»