Якія шанцы ў галоўных кандыдатаў на прэзідэнта Украіны?


Сакавітая, яскравая, агрэсіўная. Такімі эпітэтамі ўкраінскія палітолагі надзяляюць цяперашнюю прэзідэнцкую кампанію. Выбары прэзідэнта Украіны насоўваюцца з небывалаю колькасцю кандыдатаў, правакацыяў, узаемных абвінавачанняў, чорнага піяру і сенсацыяў. Што можа змяніцца на фінішнай прамой, якіх сюрпрызаў чакаць ад топ-тройкі, і як будуць паводзіць сябе выбарнікі? З Кіева – Адэля Дубавец.

У вачах стракаціць ад кандыдатаў і праграмаў. Неверагодныя абяцанкі: знізіць цану на газ у чатыры разы, тэрмінова вярнуць мір на Данбас… Чым яшчэ запомніцца гэтая кампанія?

«Выкарыстоўваюцца беспрэцэдэнтныя элементы сілавога ціску на кандыдатаў з боку Генеральнай пракуратуры і Службы бяспекі. На розных тэрыторыях выяўляюцца сеткі подкупу выбарнікаў, і ў гэтым вінавацяць у першую чаргу дзейную ўладу. Трэцяе – маніпуляцыі, бо з 39-ці кандыдатаў значная частка – тэхнічныя», – каментуе Канстанцін Матвіенка, публіцыст, палітычны аглядальнік.

Інтрыгу распальвае і адсутнасць галоўнага лідара. Па выніках сацыялагічных апытанняў, тройку асноўных прэтэндэнтаў узначальвае Уладзімір Зяленскі, далей ідуць Юлія Цімашэнка і Пятро Парашэнка.

«Сярэдні клас дзеліцца на прыхільнікаў Цімашэнкі і Парашэнкі. Больш права настроеныя аддаюць сваю перавагу Парашэнку, а аўдыторыя з сяла, сярэднія і малыя прадпрымальнікі застаюцца ў нішы сімпатыкаў Цімашэнкі», – кажа палітолаг Алег Саакян.

Паводле палітолагаў, асноўная праблема ўсіх трох лідараў – абмежаваны дыскурс, перабыванне ў сваёй уласнай вакуумнай прасторы. Выбарнік пастаўлены перад кардынальна супрацьлеглымі прапановамі. З аднаго боку, прэзідэнт-галоўнакамандуючы і дыпламат Парашэнка, з другога – былы прэм’ер-міністр Цімашэнка з пераважна сацыяльнаю рыторыкаю. З трэцяга – комік Зяленскі, за якога прагаласуюць тыя, хто стаміўся ад вядомых асобаў.

«Гэта, вядома, людзі раззлаваныя. З дапамогаю Зяленскага яны хочуць пакараць старых палітыкаў. З іншага боку, часцей гэта людзі калектывісцкага тыпу паводзінаў, прычым нядаўнія апытанні паказалі, што ягоная аўдыторыя трохі пасталела. З аднаго боку, гэта студэнты ВНУ, якія яшчэ не выйшлі на вольныя хлябы. З другога – пенсіянеры, таксама патэрнальна настроеныя», – дадае Алег Саакян.

Шанцы Зяленскага, паводле адмыслоўцаў, застануцца высокімі толькі ў тым выпадку, калі ягоная аўдыторыя сапраўды дойдзе да самых сапраўдных выбарчых участкаў. Цяпер жа заданне нумар адзін для каманды коміка – не дапускаць ягонага рэальнага кантакту з выбарнікамі ды экспертнаю супольнасцю. То бок адысці ад наўпроставых пытанняў, застаючыся ў плоскасці жартаў і яскравых выказванняў.

«Наагул паўстае і адчуванне, і пытанне, якім чынам пісаліся гэтыя жарты, бо з гледзішча паліттэхналогіяў большасць з іх крадзеныя. Апошнія нямецкія выбары – тэхналогіі перацягнутыя, кейсы Бэрні Сэндэрза, Трампа, Баўсанару – усё перацягнулі», – гаворыць палітолаг Мікола Давыдзюк.

Ключавою на выбарах будзе пастанова тых выбарнікаў, якія пакуль не вызначыліся. А гэткіх, як паказваюць апошнія апытанні, амаль чвэрць. Палітолаг Уладзімір Фясенка кажа:

«Тыя, хто не вызначыўся, давяраюць фаварытам і будуць выбіраць сярод іх. Але вось у каго сігнал будзе больш магутны ды хто здолее злавіць настрой менавіта сваіх выбарнікаў і тых, хто вагаецца, – той і пераможа. Ёсць жа феномен выбуховага галасавання на фінішы кампаніі».

Палітолагі пагаджаюцца, што Украіну чакае напал жарсцяў, выкрыцця, удараў па рэпутацыі. Агрэсіўныя пратэсты, праплочаныя мітынгі, прыцягненне парамілітарных групаў – гэтак выглядае прагноз на найбліжэйшыя тыдні. У сённяшняй сітуацыі эксперты асцерагаюцца набліжэння палітычнага крызісу, які, без сумневу, пажадае выкарыстаць усходні сусед Украіны.

Адэля Дубавец, belsat.eu