Якія нязручныя пытанні задалі Лукашэнку ў Аўстрыі?


Аляксандр Лукашэнка наведаў Аўстрыю, і гэта першы ягоны афіцыйны візіт у Еўразвяз пасля сімвалічнай паездкі ў Ватыкан 3 гады таму. Беларуская дэлегацыя паехала па эканамічную супрацу, аўстрыйскі бок сустрэў размовамі аб правах чалавека, ушанаванні загінулых у Трасцянцы ды заявіў наўпрост: назад у Раду Еўропы Беларусь не трапіць без мараторыю на смяротнае пакаранне.

Пасля вітання з прэзідэнтам краіны Александрам ван дэр Бэленам і праслухоўвання беларускага гімну кіраўнікі краінаў накіраваліся ў Хофбург (імператарскі палац): на вуліцы распачаўся дождж, а ўнутры – нязручныя пытанні.

Александэр ван дэр Бэлен, прэзідэнт Аўстрыі:

«Сёння вы ўпершыню за доўгі час афіцыйна знаходзіцеся ў дзяржаве-сяброўцы Еўразвязу. Мы абмеркавалі мноства тэмаў у невялікім і вялікім коле. Немагчыма, каб у дружалюбных краінах былі рознагалоссі, і гэта смяротнае пакаранне ў Беларусі!»

Адмена смяротнага пакарання мусіць адбыцца праз рэферэндум – заявіў Лукашэнка (хоць у Беларускім заканадаўстве гэта не прапісана) і папікнуў журналістку:

«Вы падтрымліваеце вельмі добрыя стасункі з ЗША і КНР. Пры сустрэчах з імі вы задавалі аналагічнае пытанне?»

Смяротнае пакаранне, свабода медыяў і сходаў і дэмакратычныя выбары стаяць плотам на дарозе вяртання Беларусі ў Раду Еўропы, зрабіў выснову наш калега Ігар Кулей, што ўвесь дзень назіраў за перамовамі:

«Аляксандр Лукашэнка на адказ адной з журналістак адказаў, што калі вы нас у Раду Еўропы прымеце – будзем удзячныя, калі не – то неяк перажывем, але пытанне Рады Еўропы ўзнікала тройчы падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі з аўстрыйскім прэзідэнтам».

На двухдзённы візіт у Вену Аляксандр Лукашэнка забраў з сабою міністра замежных справаў Уладзіміра Макея ды ўвесь фінансавы і эканамічны склад Ураду. На Радзіме галоўнымі мэтамі паездкі называюць праекты на $ млрд, паглыбленне супрацы і падтрыманне Беларусі на міжнародных пляцоўках…

«Гэтыя павесткі не зышліся. Напрыклад, прэзідэнт Аўстрыі сёння з 10 хвілінаў сваёй прамовы 6 хвілінаў прысвяціў ушанаванню гістарычнай памяці і канцлагеру Трасцянец, яшчэ паўтары Чарнобылю, і апошнія 3,5 павестцы праграмы «Усходняга партнёрства», эканамічныя пытанні і гэтак далей. То бок акцэнт змясцілі ў бок гістарычнай памяці», – каментуе Ігар Кулей, журналіст «Белсату».

Што беларуская мадэль кіравання ўтрымлівае элементы аўтарытарнасці, Лукашэнка пацвердзіў «вы абсалютна маеце рацыю». Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ні разу, я гэта адчуваю (смех у залі), таму перш, чым даваць ацэнкі, мая вам парада: прыязджайце ў Беларусь, пахадзіце, паглядзіце… Мы абсалютна адкрытая краіны, смею заверыць, больш, чым вашая».

Аўстрыя не з’яўляецца чальцом NATO і мае шчыльныя эканамічныя стасункі з Масквою, таму візіт Аляксандра Лукашэнкі на Захад можа выглядаць нейтральна ў вачах Крамля. Да таго ж, Лукашэнка ўжо наведваў Аўстрыю раней, у тым ліку ў абыход рэжыму візавых санкцыяў, якія пасля разгону выбарчых пратэстаў 2010 года дзеялі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Юлія Цяльпук belsat.eu