Аб'ектыў 17.07.2019 Які план інтэграцыі павёз Лукашэнка ў Санкт-Пецярбург?


Усё глыбей у інтэграцыю. Ад сёння перамовы аб Саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі распачаліся ў закрытым фармаце на найвышэйшым узроўні – паміж кіраўнікамі дзяржаваў. Менск усцяж мае патрабаванні – нафтагазавыя і экспартныя, паведаміў пасол Сямашка напярэдадні гэтай сустрэчы. Што павёз Лукашэнка ў Расею і з чым будзе вяртацца?

«У Піцеры заўжды цікава», – прывітаў Аляксандр Лукашэнка горад, у якім заўтра адбудуцца перамовы. Сёння са сваім калегам ён наведваў Ваалам, а заўтра – далучыцца да IV Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі, які працуе ў Пецярбургу.

«Сустрэча нашых двух кіраўнікоў накіравана на паглыбленне нашых адносінаў і інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы», – распавёў Алег Мельнічэнка, Камітэт Савету Федэрацыі.

Напрацягу 4 дзён удзельнікі Форуму падпішуць 26 дамоваў, паведаміў экс-памочнік Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандр Субоцін, міністр Еўразійскай эканамічнай камісіі:

«І прамысловасць, і дзяржрэгуляванне, і блок фітасанітарных захадаў і шмат захадаў, дзе ёсць што стасаваць, ёсць што ўдасканальваць».

Дамовіліся, што ўніфікуюць правілы паступлення ў ВНУ краінаў, а таксама да канца года падпішуць Пагадненне аб узаемным прызнанні візаў. У плане Форуму рэгіёнаў усё празрыста, у залі працуюць медыі.

Інакш у перамовах аб інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву.

Ужо чацвёрты месяц бакі будуюць двухбаковыя дачыненні, не інфармуючы грамадскасць пра змест угодаў. Напярэдадні візіту ў Расею, дзе будзе частка пра гэтае пытанне, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка абнадзеіў:

«Мы адказалі на самае галоўнае пытанне, якое падкідвалася з усіх бакоў (не ведаю з якою мэтаю): увойдзе Расея ў склад Беларусі ці Беларусь у склад Расеі».

Фраза пра паглынанне Расеі пацешыла дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы, бо такое пытанне не паўставала ніколі, чаго не скажаш пра адваротную мадэль…

«Беларусь гандлюе сваім суверэнітэтам, акцыямі сваёй лаяльнасці ў абмен на пэўныя субсідыі з боку Расеі. То бок гэта не ўзаемадзеянне роўных палітычных суб’ектаў, а вось такое эксплуатаванне вобразу сваёй залежнасці ад Расеі», – каментуе Андрэй Ягораў, дырэктар цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя».

Напярэдадні «пецярбургскага» візіту Міністэрства замежных справаў Беларусі зноў узгадала: інтэгруемся ў Саюз «пры строгім захаванні суверэнітэту і самастойнасці прыняцця рашэнняў». Дыпламат Уладзімір Сямашка яшчэ раз прагаварыў праблемы, якія хоча вырашыць Менск: кампенсацыя Масквою падатковага манеўру, коштаўтварэнне на газ, экспарт мяса і малака, прасоўванне нашай прамысловай прадукцыі на рынак суседкі. Патрабаванні Масквы нам з вамі ўсцяж невядомыя.

«Расея надта шмат патрабуе ад Беларусі ў галіне інтэграцыі, абапіраючыся на тыя пазіцыі, якія зафіксаваныя ў дамове аб Саюзнай дзяржаве. Беларусь як не хацела ісці на выкананне гэтай дамовы, так і не хоча», – кажа Андрэй Ягораў, дырэктар цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя».

На думку палітолага, гэта і ёсць галоўныя перашкоды ў інтэграцыйных стасунках. Заўтра лідары краінаў будуць весці перамовы ў адкрытым фармаце, але ці трапіць у фармат частка пра Саюзную дзяржаву?

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары