Як жывуць і з якімі змагаюцца складанасцямі ромы ў Беларусі


У Міжнародны дзень цыганаў – маем нагоду прыгледзецца да непаўторных цыганскіх традыцыяў і тыповых праблемаў, якія зазнае гэты народ. Нашая камера пабывала ў сям’і ромаў у Гомлі, а таксама наведала свята, арганізаванае адмысловаю мясцовай арганізацыяй – «Рамана дром».

Самабытны цыганскі фолк – музыка і танцы, непаўторная кухня… На імпрэзу прыходзіць уся сямʼя – што ўласціва традыцыі. Святкаванне міжнароднага дня ромаў арганізавала адукацыйная ўстанова «Рамана дром», якая паўстала ў Гомлі тры гады таму.

«Нягледзячы на тое, што мы цыганы, мы жывём у Беларусі вельмі даўно, нарадзіліся тут, у Гомлі, і ўсе нашыя родныя тут, у Гомлі», – распавядае спадар Мікалай, сябра арганізацыі «Рамана дром».

У гомельскай вобласці, паводле перапісу 2009 года, ромаў удвая больш, чым нават у Менску – каля трох тысяч. Увагу да сваіх традыцыяў і дапамогу ў будаванні сувязяў з грамадствам яны шчыра вітаюць.

«Віншаванні маем на кожнае свята, канцэрты. Для нас гэта гонар. Раней ні ад каго не было такой увагі. А цяпер Іванаўна ўзялася… Яна нас узвышае», – распавядае спадарыня Зінаіда, рома, жыхарка Беларусі.

Іванаўна – гэта Вольга Нячаева, якая дапамагае ромам з закрытай супольнасці інтэгравацца ў беларускае грамадства: каб малодшыя мелі адукацыю, старэйшыя – уладкоўваліся на працу, а людзі ў сталым веку – атрымлівалі дапамогу. У некаторых дык няма нават пашпартоў. Дырэктарка ўстановы «Рамана дром» Вольга Нячаева кажа:

«У нас такі страх панічны, каб з-за адсутнасці працы не пагоршылася крымінагенная сітуацыя, бо людзям будзе трэба неяк жыць, харчавацца і сям’ю глядзець».

Крымінальныя паказнікі сярод ромаў высокія – сустракаем звесткі ў сеціве і медыях. У грамадстве не раз аўтаматычна цыганам прыпісваюць гандаль наркотыкамі, крадзеж і махлярства.

«Гэты стэрэатып распаўсюджваецца часта пры дапамозе СМІ, якія выдаюцца органамі МУС і некаторымі, скажам, «грамадзянскімі СМІ», а менавіта пішуць такое ў каментарах», – кажа Наталля Кутузава, «ROMA INTEGRATION».

У сямʼі Ануфрыевых з Гомля праблемаў з законам няма, але з працаю… Пад адною страхою жывуць 12 асобаў, на пенсію, дзіцячую дапамогу і афіцыйны заробак адной асобы. Рэшта – падпрацоўкі. Змагацца за працаўладкаванне спрабуе зяць Міхаіл.

«Вось так мы і жывем! Я не хачу, каб мае дзеці былі дармаедамі, хачу каб працавалі як нармальныя людзі, і прашу вас, дапамажыце з гэтаю працаю, бо нам складана!» – кажа Кацярына Ануфрыева, рома, жыхарка Беларусі.

Малодшыя – паказваюць здольнасці ў школе, дзе імкнуцца да выдатнага навучання і цікавяцца спортам. Шанаваць сваю гісторыю таксама ўмеюць. Ля гарадской сярэдняй школы, дзе навучаецца найбольш дзетак ромаў, у выходныя высадзілі туевую алею у памяць загінулых праз генацыд ромаў падчас Другой сусветнай вайны.

Юлія Цяльпук, belsat.eu