Аб'ектыў 22.11.2016 Як жыве беларуская вёска, дзе зусім няма вады?


«Як яе піць? Адзін бруд! Не магчыма ж»

Гэтак сітуацыя з вадою выглядала ў вёсцы Новая Дуброва Акцябрскага раёну Гомельшчыны летам, больш за год таму. Цяпер жа, пасля шматлікіх зваротаў, мясцовыя ўлады быццам знайшлі выйсце. Жыхары, каб набраць вады, мусяць прасіць старшыню калгасу, а той у сваю чаргу дамаўляецца са старшынём сельсавету. Пасля чаго прыязджае бочка з вадою, якую заліваюць у студню.

«Вязуць нам бочку метраў 10 даўжынёй. Заліваюць сюды. Але праз дзве гадзіны гэтай вады ўжо няма. Мы ўсе хапаем гэтую ваду. Колькі мы яе можам набраць за раз? Няма вялікіх сасудаў, каб у дварышча нацягаць шмат вады», – скардзяцца жыхары вёскі.

Калі вады ад чыноўнікаў няма, жыхары карыстаюцца снегам

«Збіраем снег і растопліваем яго. Бяром снег для пралкі. Вось зверху чысты які здымаем тазікамі і топім», – кажа жанчына.

Як цвердзяць мясцовыя, часам, пасля дажджоў, ваду можна знайсці на іншым баку вёскі, але і тое не рэгулярна.

«Ну што гэта за жыццё?»

«Няма вады. Бяжым на іншыя вуліцы, там таксама людзі сварацца, што ім таксама вада патрэбная, у іх у самых яе мала. Ну што гэта за жыццё? Ляцім на іншыя вуліцы, у іншыя вёскі за вадой! Гэта ж не справа!», – абураецца жыхарка вёскі.

Акрамя адсутнасці звычайных выгодаў цывілізацыі, жыхары вёскі Новая Дуброва вымушаныя пазбавіцца і сваёй гаспадаркі. За кошт якой шмат хто на вёсцы жыў.

«Былі ў мяне коні, былі каровы. Нават дзве каровы. І свінні, і козы, і куры. Цяпер няма нічога. Бо ўсяго пазбавілася. Без вады ж што мне рабіць? Як захаваць жывёліну?», – кажа спадарыня.

Дапамагае толькі апазіцыя

Каб вярнуць жыхарам вёскі элементарныя ўмовы цывілізаванага жыцця, у вёску Новая Дуброва скіравалася былая кандыдатка на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Алена Луцковіч, разам з лідарамі арганізацыі. Якія яшчэ падчас мінулай выбарчай кампаніі ў парламент абяцалі не кінуць жыхароў сам на сам з праблемамі.

«Цяпер я збіраю подпісы жыхароў вёскі. Гэта будзе калектыўны зварот. І мы спадзяемся, што справы зрынуцца з мёртвай кропкі», – зазначае Алена Луцковіч.

Лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька цвердзіць: шмат бачыў, вандраваўшы па рэгіёнах, але гэты прыклад абуральны ў XXI-ым стагоддзі.

«Велізарная вёска, побач з раённым цэнтрам і няма вады. Я пачуў, што людзі каб пасціраць бялізну едуць у суседнюю вёску і пасля вяртаюцца назад. Ну гэта ж жах нейкі».

І дадае, што Лукашэнку варта было наведваць не ўзорна-паказальныя вёскі ды калгасы, як гэта робіцца зазвычай. А вось такія месцы, дзе людзі чакаюць лета, каб памыцца ў рацэ.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары