Як зарабіць, калі табе няма 18 гадоў?


Сядзець на шыі ў бацькоў – не пра гэтых маладых людзей. Яны самі зарабляюць з падлеткавага ўзросту, а сёння дзеляцца сваімі ведамі з іншымі маладзёнамі.

Сцяпан Навасельскі пачаў ствараць і прасоўваць мэтавыя інтэрнэт-старонкі для бізнесу з 15 гадоў. Цяпер жа дапамагае сваім аднагодкам. Сцяпан трэці раз арганізоўвае канферэнцыю TeenStart, якая дапамагае падлеткам вызначыцца з прафесіяй.

«Шмат хто з дзецюкоў нашага ўзросту не ведаюць, чым заняцца, у якім кірунку сябе паспрабаваць. Таму мы збіраем спікераў зусім розных кірункаў, каб яны распавялі, як уладкаваныя іхныя прафесіі, якія там ёсць магчымасці. Магчыма, распавялі аб першых кроках, якія можна зрабіць у кірунку, якім займаецца спікер. І, атрымліваецца, падлеткі гэтак знаходзяць, чым ім займацца», – кажа хлопец.

Адзін з тых, хто ўжо вызначыўся, чым хоча займацца, – 18-гадовы Максім Скараходаў. Малады чалавек заняўся анлайн-маркетынгам, маючы ўсё тыя ж 15 гадоў. Цяпер у яго ўласнае агенцтва, якое працуе з медычнымі цэнтрамі.

«У нейкі момант мяне пераключыла. Калі мяне пераключыла, я зразумеў, што хачу чагосьці большага ад жыцця. Для мяне гэта быў як проста азарт: паглядзець, мо атрымаецца, мо я магу стварыць нешта класнае. Магчыма, гэта перадалося ад бацькі, які звязаны з бізнесам», – распавядае Максім.

На думку іншага маладога бізнесоўца Яна Сташкевіча, які стварыў адно з найбольш паспяховых SMM-агенцтваў краіны, маладым беларусам не хапае добрых прыкладаў перад вачыма.

«Каб пачаць нешта сваё ствараць, трэба навучыцца спачатку капіяваць нешта крутое, і гэтага сапраўды бракуе. Я лічу, што і ў менталітэце таксама праблема, бо мы такія ўсе заціснутыя, стабільныя. Галоўнае – ані кроку налева ці направа», – дзеліцца сваімі назіраннямі малады бізнесоўца.

У Беларусі можна пачынаць працаваць з 14 гадоў, але на няпоўны працоўны дзень, толькі ў пэўных спецыяльнасцях і выключна са згоды бацькоў.

«З 16 год можна працаваць амаль па ўсіх спецыяльнасцях, і на гэта згоды бацькоў не патрабуецца. Гэта звычайная праца паводле працоўнай дамовы. Што датычыць ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, то агульнае правіла – гэта можна рабіць з 18 гадоў», – тлумачыць адвакат Сяргей Зікрацкі.

Але нават калі вам няма 18 гадоў, вы можаце пачаць уласны бізнес. Дзеля гэтага трэба звярнуцца ў гарвыканкам. Там трэба падаць дакументы аб працаўладкаванні ды паперы аб згодзе бацькоў.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»