Аб'ектыў 24.04.2019 Як выглядае жыццё пенсіянераў у Беларусі і за мяжою?


Дзень салідарнасці пакаленняў у Менску адзначылі правядзеннем міжнароднага Форуму сеньёрскіх арганізацыяў. Пенсія задуманая як адпачынак і час для сябе, але ці так гэта ў нашай краіне? Даведалася Галіна Абакунчык.

Працоўны, лётчык, інжынер-электроншчык, выкладчык – усе гэтыя прафесіі Ян Грыб засвоіў за 44 гады працоўнага стажу. За шматгадовую працу атрымаў пенсію памерам 300 рублёў, пасля 80 гадоў дадалі яшчэ 100, якіх усё адно на годнае жыццё не стае:

«Я не магу сабе дазволіць купіць мяска, каб зрабіць шашлычкі сабе на свята. Я не магу сабе дазволіць. Я харчуюся толькі так: малачко, кашка, батончык – усё», – кажа пенсіянер Ян Грыб.

Паводле статыстыкі, людзей сталага веку ў Беларусі два з паловаю мільёны, а нашая дзяржава ўваходзіць у лік краінаў, якія старэюць.

Узровень жыцця беларускіх пенсіянераў і людзей сталага веку з іншых краінаў параўноўвалі ў Менску на першым Форуме сеньёрскіх арганізацыяў краінаў Усходняга партнёрства і Еўразвязу. Імпрэза адбылася напярэдадні Еўрапейскага дня салідарнасці паміж пакаленнямі.

Сёння сярэдняя пенсія паводле ўзросту ў Беларусі складае 393 рублі, на 100-150 рублёў менш атрымліваюць толькі ва Украіне і Казахстане. І хоць улады Беларусі заяўляюць пра намер з 1 траўня падвысіць узроставыя пенсіі на 25 рублёў, агулам нашыя пенсіянеры прыблізна ўдвая бяднейшыя за еўрапейскіх.

«У іх і льготы ёсць. Як бы ні казалі, што там ільготаў няма, гэта ў нас іх няма, а ў іх ёсць. Чалавек там адчувае сябе не абдзеленым у грамадстве. Ён можа некалькі разоў з’ездзіць адпачыць на тое ж мора, на той жа курорт, чаго нашыя пазбаўленыя: апроч лецішча, нешта дазволіць сабе скрайне рэдка могуць», – кажа арганізатарка форуму ў Беларусі Таццяна Зялко.

Апроч матэрыяльных, ёсць і іншыя чыннікі. Еўрапейскія госці распавялі прадстаўнікам постсавецкіх краінаў пра той актыўны лад жыцця, які вядуць людзі сталага веку на Захадзе.

«Сталыя людзі, пенсіянеры – яны вельмі актыўна заангажаваныя ў сацыяльнае жыццё. Яны шмат удзельнічаюць у валанцёрстве, гэта самае галоўнае, што пра іх можна сказаць. Яны маюць час, а таму займаюцца і дамамі для састарэлых, працуюць з дзецьмі і гэтак выконваюць вельмі важныя сацыяльныя функцыі», – распавядае віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай сеньёрскай уніі Габрыеле Пойс-Біспінк.

Нам жа ж ёсць шмат чаму павучыцца, кажуць арганізатары Форуму сеньёрскіх арганізацыяў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары