Як выглядае сярэднестатыстычны глядач «Белсату»?


Прыемна адзначаць, што ў гэты момант вас, нашых гледачоў, у разы больш, чым год таму. Расце аглядальнасць праграмаў, наведвальнасць старонкі «Белсату» і акаўнтаў ва ўсіх сацыяльных сетках! Менская даследчая кампанія «Mia Research» у траўні завяршыла даследаванне нашай аўдыторыі.

Канал «BELSAT NEWS», а потым «ВОТ ТАК» – адзіныя ў беларускім сегменце Youtube уладальнікі «Срэбнай кнопкі» за 100 тысяч падпісчыкаў. Першую з іх толькі што атрымалі – гонар для ўсяе рэдакцыі інфармацыйных праграмаў!

«Сёння інфармацыйная рэдакцыя – гэта 5 моўных версіяў старонкі, 9 каналаў-Youtube, якія штопраўда датычаць не толькі інфармацыі, а ўсіх нашых праграмаў і дакументальных фільмаў. Гэта сацыяльныя сеткі на ўсіх найбольш папулярных платформах на некалькіх мовах», – распавядае Зміцер Ягораў, кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату».

Сёння маем яшчэ адну нагоду падзякаваць гледачам за тое, што нас глядзіце ўсё больш! Згодна з вынікамі анкетавання кампаніі «Mia Research», праведзенага сярод дарослага насельніцтва ў розных кропках Беларусі, «Белсат» глядзяць 13 % апытаных. І амаль кожны другі ведае, хто мы ёсць.

Аляксей Дзікавіцкі, віцэ-дырэктар «Белсату»:

«Вельмі высокі ўзровень даверу ў гледачоў да таго, што мы паказваем. Гэта таксама вельмі істотна. Бо часта людзі глядзяць нейкія тэлебачанні толькі дзеля таго, каб пазлавацца на тую няпраўду».

Дзякуючы свежай аналітыцы ведаем: глядач «Белсату» размаўляе пераважна па-расейску, шануе родную мову і гісторыю, выступае «ЗА» інтэграцыю ў Еўразвяз. Больш за палову апытаных цвёрда лічаць сябе беларусамі (55 %). Рэшта – патрыёты малой радзімы (20 %), грамадзяне свету (14 %), Еўропы (12 %) і Савецкага Саюзу (13 %).

Хто нас глядзіць, той мае што параіць. Менчукі кажуць:

«Той, хто ў тэме, і так вас глядзіць, нармальна ўсё, я мяркую».

«Больш даследаванняў, больш пра прыроду каб распавядалі».

«Калі больш пазітыву – хочацца размаўляць, павышаецца прафесіяналізм, расце жаданне працаваць і жаданне горы перакульваць».

«Мне б хацелася, каб сама карцінка і студыі былі троху больш сучасныя».

У летнім сезоне на «Белсаце» – яшчэ больш разнастайнасці. А новая студыя для аддзелу інфармацыі адчыніцца ўжо ў наступным сезоне.

Стэфанія Кавалеўская, праграмная рэдактарка:

«Мы выкарыстаем даследаванні ў планаванні нашае восеньскае прапановы. Вернуцца добра вядомыя гледачам праграмы, але таксама будзе чым вас здзівіць».

А таму заставайцеся з намі і распавядайце пра нас знаёмым. Згодна з даследаваннем, бальшыні гледачоў «Белсат» акурат параілі!

Юлія Цяльпук, belsat.eu