Як весела спаткаць Новы год у лесе?


Нехта сустракае Новы год у горадзе, нехта – на балі, нехта – удома, а нехта… на прыродзе. На запрашэнне жыхароў і выхадцаў з вёскі Міхалёўка, што ў Лоеўскім раёне, у мясцовы лес з‘ехаліся шматлікія госці з Беларусі і з-за мяжы. Новы год ля вогнішча сярод дрэваў віталі таксама Дзед Мароз са Снягуркаю.

Замест каляровых ліхтарыкаў і ёлачных агеньчыкаў – агонь сапраўдны. Марына, госця:

«Тут цікавей – тут шмат новых людзей, шмат знаёмых людзей. Весела, весела ў лесе!»

Гэтая лясная традыцыя мае ўжо шаснаццаць гадоў. Некаторыя ўжо ў Міхалёўцы не жывуць, але на свята не забываюцца ды прыязджаюць з іншых гарадоў. Анатоль Седзька, арганізатар імпрэзы:

«Сядзім мы чакаем гэтага Новага года да 12-ай гадзіны. Вось уявіце сабе, як гэта сядзець чакаць на канапе. Ну, глядзець гэты тэлевізар. І мы вырашылі ў адзін выдатны час з сябрам зрабіць для маіх унучак».

Латарэі, падарункі і конкурсы – як на ранішніку, толькі пры святле вогнішча ды зорак. Дарогу ў лес знайшоў і Дзед Мароз. Ірына, госця, распавядае:

«Мы прывялі дзяцей, каб дзеці паглядзелі. Дзеці, думаюць, сапраўдны Дзед Мароз. Я сама веру ў Дзеда Мароза. Вы ж верыце? Я веру ў цуды».

Мясцовы Дзед Мароз да сваіх абавязкаў ставіцца сур’ёзна.

У вёсцы стала жывуць толькі 17 чалавек. У навагоднюю ж ноч у міхалёўскім лесе гуляюць больш за сотню гасцей.

Ганна Мордань, belsat.eu