Як улады купляюць галасы беларусаў?


Заробкі медыкаў налета вырастуць на 10–15 адсоткаў – паабяцаў у эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале ОНТ віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Вырастуць заробкі і іншых бюджэтнікаў. З чым звязаная такая шчодрасць, і адкуль урад возьме грошы?

Істотна павысяцца даходы медыкаў, настаўнікаў, сацыяльных працаўнікоў і занятых у іншых сферах. Паводле віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі, праз 5 гадоў заробак доктара будзе ў паўтары разы вышэйшы за сярэдні па краіне.

«Нягледзячы на тое, што Аляксандр Рыгоравіч неаднаразова заяўляў, што ён не купляе галасоў выбарцаў, насамрэч, калі мы звернемся да статыстыкі, гэта не так. Прыгадаем першыя выбары пасля 1994 года, гэта выбары 2001-га. Тады заробкі выраслі на 28 %», – падкрэслівае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Праўда, за апошнія 3 гады заробкі растуць значна павольней – на 8-11 адсоткаў штогод. Паводле Белстату, у лістападзе беларусы зараблялі ў сярэднім 1131 рубель. Ці адпавядае гэтая лічба рэальным даходам?

«Рублёў 600-700 максімум будзе, мне падаецца».

«Я працую больш у сферы сельскай гаспадаркі. Заробак тысяча і больш – у дырэктараў і начальнікаў. У звычайных працаўнікоў – 500-600 рублёў».

«Кажуць, тысячу заробак, а па факце ён меншы разы ў два».

«У шматлікіх перадачах незалежнага тэлебачання і ў інтэрнэце вельмі падрабязна сказана, адкуль яны бяруцца, і хто іх малюе», – кажуць жыхары Магілёва.

І нават такія заробкі, паводле Нацыянальнага банку, растуць прыблізна ў 6 разоў хутчэй за прадукцыйнасць працы. Калі прадпрыемствы не зарабляюць больш грошай, то адкуль бяруцца вышэйшыя заробкі?

«Вялікія інвестыцыі ў Беларусь незаўважна накіравалі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Сусветны банк. Гэта сотні мільёнаў долараў інвестыцыяў у інфраструктуру, якія эканомяць беларускі бюджэт», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

У мінулыя гады сітуацыі, калі заробкі раслі хутчэй за прадукцыйнасць працы, прыводзілі да скачкоў інфляцыі і дэвальвацыі. Ці абяцанае ў наступным годзе павышэнне небяспечнае для эканомікі?

«Улады гуляюць, што называецца, па лініі. Кожны перабой з рэфінансаваннем доўгу створыць дзірку ў сотні мільёнаў долараў, якія прыйдзецца купляць на ўнутраным рынку. Гэта адразу выкліча аслабленне рубля», – папярэджвае Станіслаў Івашкевіч.

15 мільярдаў рублёў, або 7 мільярдаў долараў – такая сума прадугледжаная ў бюджэце новага года на выплату заробкаў. Гэта на 12 адсоткаў больш як сёлета. Калі грошай будзе недастаткова, у выбарчай кампаніі ўлады выкарыстаюць іншы козыр.

«Гэта барацьба за незалежнасць і суверэнітэт. Улада будзе старацца прадставіць сябе як адзіную сілу, якая можа запэўніць беларусам незалежнасць. Але, па вялікім рахунку, актыўнае падтрыманне грамадства ўладам і не патрэбнае», – зазначае Сяргей Нікалюк.

Для пераабрання Лукашэнкі на шосты тэрмін дастаткова апатыі ды адсутнасці пратэстаў, зазначае палітолаг. Каб запэўніць маўчанне, а не любоў, нашмат павышаць заробкі не трэба.

Аляксандр Папко belsat.eu