Як улады і апазіцыя рыхтуюцца да Дня Волі?


Узброеныя людзі на вуліцах Менску, фэйкавыя заклікі ад імя Міколы Статкевіча не выходзіць заўтра на вуліцы і ўрэшце – рашэнне Менгарвыканкаму дазволіць акцыю, але па іншым маршруце. Як вынік, чацвёра з пяці заяўнікаў шэсця 25-га сакавіка адклікалі свае подпісы пад планам акцыі. Як улады і апазіцыя рыхтуюцца да дзевяноста дзявятых угодак абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі?

«Вось нібыта заўтра ўжо вайна, а з кім ваяваць? З тымі людзьмі, якіх вы кінулі пад гэты ганебны дэкрэт № 3?. З гэтымі хлопчыкамі – так званымі анархістамі, якіх вы выдалі за тэрарыстаў? Вось з імі яны збіраюцца ваяваць. Рэжым слабы», – пераконвае паэт Уладзімір Някляеў.

Хакеры КДБ не спяць

У сацыяльных сетках – на акаўнце Міколы Статкевіча і праз ягоны вайбер быў распаўсюджаны заклік не выходзіць заўтра на акцыі. Маўляў, для таго, каб захаваць сябе дзеля далейшае барацьбы. Цягам усяго дня з палітыкам не было ніякае сувязі. Толькі на партале Хартыя-97 зʼявіўся дыяметральна іншы зварот.

«Мы выходзім на Плошчу не за міску супу. Нас выводзіць туды нашая чалавечая годнасць. Мы хочам нармальна жыць у нармальнай краіне. Нам трэба абараніць будучыню нашых дзяцей. Я зраблю ўсё магчымае, каб выканаць свой абавязак у Дзень Волі. Заклікаю вас, беларусы, прыняць актыўны ўдзел у Маршы», – заявіў Мікола Статкевіч.

Дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч ня ведае нават ягоная жонка

Дый не хоча ведаць – распавяла Марына Адамовіч у інтэрвʼю Белсату. У іхным доме не працуе тэлефон і інтэрнэт, заблакаваныя нават тэлефоны.

Улады санкцыянавалі акцыю толькі на Бангалоры

Менгарвыканкам, які цягам усяго тыдня адкладаў сустрэчу з заяўнікамі шэсця, толькі сёння ўвечары заявіў, што дазваляе мітынг на плошчы Бангалор. Заяўнікі кажуць, што такое рашэнне нічога не змяняе ў плане акцыі, адзінае што несці адказнасць перад уладамі за хаду шэсця яны цяпер не могуць.

Паводле ўжо былога заяўніка акцыі Дзяніса Садоўскага, улады самыя сабе напужалі і сваймі дзеяннямі толькі распальваюць атмасферу.

Акцыя павінна стаць мірнай

Арганізатары нагадваюць, што заўтрашняя акцыя мае быць перадусім мірнай і святочнай. Маўляў, калі, як не ў гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі патрабаваць справядлівасці?

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»