«Як у Савецкім Саюзе!» У Шуміліне – перабоі з вадой, а калонкі не працуюць


У сутарэнні – лужыны, цячэ і крапае. А вось наверсе бывае – ні кроплі. Жыхары дамоў на вуліцы Суворава ў гарадскім пасёлку Шуміліна амаль штодзень – без вады. Перабоі пачаліся ў чэрвені.

«Мы жывем на верхніх паверхах. І кожны вечар адключаюць ваду. Ужо задзяўбліся, як кажуць, званіць у службу 115, у «Полацкводаканал», у дыспетчарскую. Мы ўжо абарвалі там усе тэлефоны, вось. Ну немагчыма так жыць!» – абураецца Аляксей, жыхар дому 3 на вуліцы Суворава ў Шуміліне.

Немагчыма стала пасля таго, як летась камунікацыі перадалі ад мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі прадпрыемству «Полацкводаканал», тлумачаць жыхары. Цяпер, як толькі вада ў кранах з’яўляецца, напаўняюць на запас слоікі, бачкі ды пляшкі, каб было як памыць дзяцей перад сном ды згатаваць вячэру.

«Элементарна, нават калі проста папіць – вады няма. Прыходзіш на кухню… У мяне дачка старэйшая кажа: як у Савецкім Саюзе ў нас – усе рондалі, вялікі посуд, усё занятае вадой», – расказвае жыхарка Шуміліна Марына.

«Даходзіла да таго, што трэба было ледзь не на возера мыцца ісці разам з дзецьмі, а іх у мяне пяцёра. Ну, я не ведаю, як быць у гэтай сітуацыі. 115 звоніш – адказ адзін: вады не будзе», – кажа яшчэ адна жанчына.

А калі вада ёсць, дык сумнеўнай якасці. Людзі кажуць, лепш такой не піць.

«Усё псуецца ўсцяж. Машынкі пральныя ляцяць, фільтры ляцяць, адмыць немагчыма ніводную пасудзіну…» – сцвярджае жыхарка гарадскога пасёлку.

Першым пачаў змагацца за ваду ў доме 21-гадовы Дзяніс Родчанка. Напісаў скаргу, сабраў больш за 40 подпісаў і паехаў у Полацк. Маўляў, яго, як чалавека з інваліднасцю, мусяць выслухаць. Памыляўся.

«Калі ў Полацку быў, прыязджаў наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, – дык была вада, было ўсё. А як толькі з’ехаў – у выніку нічога не стала, цалкам вада адключалася», – расказвае Дзяніс Родчанка.

На галаўным прадпрыемстве «Віцебскаблводаканал» аб праблеме ведаюць. Загадчыца аддзелу працы з кліентамі Наталля Сцяпанава кажа, што перабоі ў падачы вады здараюцца праз недахоп артэзіянскіх свідравінаў. Абяцае, што ўжо сёлета з’явяцца новыя.

«Цяпер распрацоўваецца праект бурэння дзвюх новых свідравін на водазаборы Лясковічы, і гэтая праблема будзе развязаная», – паабяцала па тэлефоне чыноўніца.

Калі? Абяцаюць да канца года. Больш дакладных тэрмінаў не называюць. А пакуль што людзі не могуць скарыстацца нават з калонак: іх пазакрывалі. Ваду шумілінцам пампуюць толькі ў дзве воданапорныя вежы.

Зміцер Казакевіч, «Белсат»