«Як ты жывеш?» Сёння адзначаюць Міжнародны дзень адмовы ад мяса

Сёння ў Беларусі, паводле звестак ініцыятывы «Адчыненыя клеткі», налічваецца 4,5 % веганаў і вегетарыянцаў. Сямʼя Хрысціны Геер – з такіх. Усёй сямʼёй яны не першы год ядуць толькі раслінную ежу.

«Эксперыменты з ежай пачаліся з майго бацькі. Вельмі шмат людзей ужо пераходзяць на расліннае харчаванне свядома. І гэта не проста «я не буду есці мяса, таму што мне шкада жывёлы», а да гэтага прымешваецца клопат пра свае здароўе», – кажа Хрысціна.

Стэрэатып пра тое, што з раслінаў не прыгатуеш смачна і разнастайна, Хрысціна развенчвае ва ўласным кулінарным блозе, дзе рэцэптаў – сотні. Папулярнасць старонкі ўвесь час расце. Час, калі вегетарыянцаў, веганаў і сыраедаў лічылі людзьмі з іншай планеты, праходзіць. Колькасць вегетарыянцаў расце, а ў Менску адкрываюцца рэстараны, у якіх галоўная роля адводзіцца немясным стравам. І гэтыя стравы, паводле дырэктара веганскага рэстарану «Om Namo», прыходзяцца даспадобы нават мясаедам.

«Пастаянна людзі прыходзяць, пастаянна водгукі пішуць, пастаянна людзі кажуць: калі такая ежа, навошта тады мяса есці?», – распавядае дырэктар «Om Namo» Бікаш Нахар.

Нягледзячы на тое, што тэма адмовы ад ежы жывёльнага паходжання ў Беларусі папулярызуецца, самыя вегетарыянцы ўсё яшчэ сутыкаюцца з дзіўнымі рэакцыямі грамадства:

«Ты не ясі мяса 5 гадоў? Як ты так жывеш, у цябе там вітамінаў ужо напэўна не хапае».

«Пачнем з родных. Яны спачатку вохкалі і спрабавалі лячыць. Свякроў мне дасылала спасылкі, чаму не есці мяса… гэта прыводзіць да анеміі. Дасюль шле».

«Мама не радая, што яна катлеты гатуе, а я іх не ем».

Лекары ж сцвярджаюць, што без мяса жыць можна, галоўнае – арганізаваць правільную замену жывёльным бялкам, і тады вегетарыянства можа нават лячыць.

«Трэба падумаць, адкуль браць бялок. Калі не мяса, то гэта можа быць рыба, морапрадукты, ізноў жа мы ведаем аб бабовых. Вегетарыянства лечыць не таму, што там няма мяса, а таму, што там няма перапрацаванага мяса: сасісак, сардэлек, каўбас і гэтак далей», – тлумачыць дыетолаг Марта Марудава.

Сёння пражыць адзін дзень без мяса ды яшчэ з выгадаю для сябе можа паспрабаваць кожны беларус. Шэраг сталічных кафэ запусцілі чэлендж: раскажы ў сваім «Інстаграме» пра адмову ад мяса і атрымай зніжку на ежу ў кавярні. Марта Скурагава, арганізатарка чэленджу, тлумачыць:

«Тады чалавеку прасцей за дзень паспрабаваць шмат розных веганскіх страваў і зразумець, што гэта класна і можна так вось есці».

Тое, што ежа з раслінаў смачная, ведае і сям’я Хрысціны. Катлеты з нуту – любімая страва на вячэру.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама