Як сысці з пасады прэзідэнта і застацца дыктатарам


Народ мусіць вырашаць. З такой заявай сёння ў чарговы раз выступіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапаноўвае прызнаць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам і перадаць яму шэраг прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Сам Лукашэнка можа ўвайсці ў прэзідыум народнага сходу і захаваць уладу.

Усебеларускі народны сход – гэта збор наменклатурна-гаспадарчага актыву. Яго праводзяць кожныя 5 гадоў звычайна перад прэзідэнцкімі выбарамі на загад Лукашэнкі. На ім кіраўнік дзяржавы дае справаздачу за папярэднюю і ставіць мэты на новую пяцігодку. Цяпер Лукашэнка прапаноўвае перадаць сходу частку ўласных паўнамоцтваў і зафіксаваць гэта ў Канстытуцыі.

«Калі растварыць паўнамоцтвы прэзідэнта, якія перадаюцца парламенту, ураду, губернатарам, міністрам. Калі іх растварыць, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які б імгненна ўсіх стабілізаваў. А ён будзе выступаць ад імя народу. Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ мусіць вырашаць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўны закон нашай краіны на рэферэндумах мянялі ўжо тройчы. Былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў падкрэслівае: змена Канстытуцыі Усебеларускім сходам проста незаконная.

«Выбар невялікі ў кіраўніка дзяржавы. Ужо прыйшоў час сыходзіць, час транзіту ўлады. І Расея падціскае, каб правесці канстытуцыйную рэформу ды перадаць іншаму прадстаўніку», – адзначае Міхаіл Пастухоў.

Выглядае на тое, што праўкі ў тым ці іншым выглядзе ўжо падрыхтаваныя. Аднак яны ня зменяць сутнасці аўтарытарнага рэжыму, лічыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Гэта спроба суцішыць пратэсты, паспрабаваць імітаваць працэс дыялогу аб Канстытуцыі і выдаць яго за сапраўдны працэс палітычнага дыялогу аб урэгуляванні палітычнага крызісу».

Прынамсі намінальна частку апазіцыі мае рэпрэзентаваць былы сябра штабу Віктара БабарыкіЮрый Васкрасенскі. Вызвалены з СІЗА КДБ на загад Лукашэнкі, ён спрабуе – пакуль беспаспяхова – далучыць да дыялогу з уладамі іншых апанентаў рэжыму.

«Пра які дыялог можна весці гутарку, калі нават не распачатыя расследаванні забойстваў людзей з палітычных матываў, збіцця, катаванняў у турмах. У такой атмасферы весці які-кольвек дыялог немагчыма», – падкрэслівае экс-кандыдат на прэзідэнта Валер Цапкала.

Аднак іншага фармату размоваў са сваймі апанентамі ўлады, відаць, не ўяўляюць. Васкрасенскі прапануе стварыць з Усебеларускага народнага сходу сталы орган. Прычым у прэзідыуме маглі б засядаць, цытата, «былыя кіраўнікі дзяржавы».

Ігар Станкевіч belsat.eu