Як сваякі чакаюць палітычных вязняў


Чакалі, але гэтак і не сустрэлі. Палітыка Паўла Севярынца мусілі выпусціць сёння а чацвертай гадзіне. Пра гэта маці і жонцы паведамілі праваахоўныя органы.

«Для мяне гэта дзіва дзівоснае, што яго сёння выпусцяць, бо я была ўпэўненая, што нікога з палітычных актывістаў да выбараў не выпусцяць», – кажа жонка Паўла Севярынца Вольга.

Праваабаронцы прызнаюць 25 зняволеных у беларускіх турмах – палітычнымі вязнямі. Двое з іх хацелі стаць кандыдатамі на прэзідэнцтва. У СІЗА КДБ апынуліся і тыя, хто быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. Дзмітрый Карака, да прыкладу, быў затрыманы разам з Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі. Яго вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

«Не так даўно адвакат сустракаўся з Дзмітрыем. Расказвае, што ён бадзёры, добра трымаецца. У лістах дзякуе за падтрыманне», – кажа Марыяна Карака, жонка Дзмітрыя.

Адміністратыўны пераслед за апошнія два месяцы зазналі больш за чатырыста асобаў. Сярод іх – вядомы актывіст Зміцер Паліенка.

«Ні начальства ЦІП ІЧУ не дае інфармацыі, ні дзяжурны, ні праз тэлефон, ні ў асабістай прысутнасці, ні ў судзе, ні ў канцылярыі – нідзе ніхто не дае ніякай інфармацыі», – кажа Наста Паліенка, жонка анархіста.

Змітра Паліенку асудзілі на 15 содняў за фотаздымак у сацыяльных сетках, дзе быццам бы ён, трымаючы ў руках рондаль, заклікаў да флэш-мобу. Жонка актывіста кажа, што цяпер яму далі яшчэ 45 содняў. За што астатнія – няясна. Малады чалавек таксама абвесціў галадоўку.

«Ён кажа, што кепска сябе адчувае, што яму патрэбна дапамога. Прыходзіць мясцовая медычная сястра, якая дзяжурыць у ІЧУ, мерае яму тэмпературу, ціск і кажа, што яму хуткая дапамога не патрэбная», – кажа Наста.

Жаніха Надзеі Салодкай Вяргілія Ушака затрымалі ў Горадні разам з Сяргеем Ціханоўскім. Яго, як і блогера, вінавацяць у рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або ва ўдзеле ў іх.

«Піша ён кожны дзень, але лісты я атрымліваю толькі раз на тыдзень, адразу па 5-6 штук. Ён піша, што ў яго тое ж самае. Піша, што вельмі шмат атрымлівае лістоў ад неабыякавых людзей, за адзін раз могуць каля 37 капэртаў прынесці», – кажа Надзея Салодкая, нявеста Вяргілія Ушака.

Амаль месяц таму затрымалі адміністратара телеграм-каналу «Беларусь галоўнага мозгу» Ігара Лосіка. З тых часоў жонка яго не бачыла, а ягоныя лісты затрымліваюцца.

«Чаму, калі ты выказваеш нейкае меркаванне, якое адрозніваецца ад меркавання дзяржавы, цябе павінны саджаць або даваць за гэта штрафы? Я нязгодная, гэта ўсё вельмі дзіўна, і так быць не павінна», – абураецца Дар’я Лосік.

Бальшыня сваякоў затрыманых перакананыя: мужчыны ні ў чым не вінаватыя. І спадзяюцца на вызваленне родных.

Наста Кахановіч, «Белсат»