Як сілавікі Лукашэнкі ламалі Плошчу-2010


Роўна 8 гадоў таму прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія скончыліся нападам на дэмакратычных кандыдатаў і масавымі арыштамі беларусаў, нязгодных з выбарчымі маніпуляцыямі. Плошча-2010 паказала, што грамадзяне не хочуць працягу дыктатуры, а ўлады гатовыя праліць кроў. Гісторыю гэтага дня нагадае Яраслаў Сцешык, у 2010-м годзе – аператар «Белсату» на месцы падзеяў.

19-га снежня 2010-га года. Пасля абвешчанай уладамі «лібералізацыі» у прэзідэнцкіх выбарах удзельнічаюць 10 кандыдатаў. Агітацыя і збор подпісаў прайшлі з меншым ціскам уладаў адносна ранейшых гадоў, але дэмакратычная апазіцыя не верыць, што Цэнтрвыбаркам не будзе зноў займацца фальсіфікацыяй.

«Выбары яшчэ ідуць. Будуць яны сфальсіфікаваныя, ці не – на гэта ёсць адпаведная камісія, адпаведныя органы, якія дадуць ацэнку», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка на выбарчым участку, кінуўшы бюлетэнь у скрыню.

Але падлік галасоў адбываецца з парушэннямі, назіральнікаў ізалююць. Апазіцыйныя кандыдаты заклікалі выбарцаў прыйсці на сход на Кастрычніцкую плошчу сталіцы. Уладзімір Някляеў, як і іншыя кандыдаты, мусіў прыехаць адразу туды, але яго падманам выклікалі ў выбарчы штаб на вуліцы Калектарнай.

Вось як узгадвае тыя падзеі сам Някляеў:

«Прыехаў да мяне начальнік майго выбарчага штабу і сказаў, што «мяняецца ўвесь план Плошчы». Я сказаў, адкуль гэта ўзялося. Ён адказаў, што адбылося паседжанне перадвыбарчага штабу, і там было прынятае рашэнне».

Начальнік штабу – гэта Андрэй Дзмітрыеў. Разам з Някляевым ён павёў сотню ягоных прыхільнікаў калонай у цэнтр. Але спачатку калону спынілі працаўнікі ДАІ, а потым напалі «людзі ў чорным» – спецназ з шумавымі гранатамі. Спецназаўцы разбівалі журналістам камеры, моцна білі ўсіх без разбору спецсродкамі. А потым уцяклі. Някляева з чэрапна-мазгавой траўмай «хуткая дапамога» завезла ў шпіталь.

«Была пастаўленая задача спецназу «Алмаз» не дапусціць калону Уладзіміра Някляева прайсці на плошчу», – кажа экс-кандыдат на прэзідэнцтва.

Тады ад больш цяжкіх наступстваў нападу Някляева ўратавала зімовая шапка. На Кастрычніцкай плошчы звесткі пра гэты напад абурылі людзей.

«Прыйшлі вынікі незалежнага экзіт-полу. Спадар Лукашэнка атрымаў 30,5 % адсоткаў галасоў», – заявіў тады з трыбуны кандыдат Мікола Статкевіч.

Ад 10-ці да 60-ці тысяч асобаў пайшлі на плошчу Незалежнасці пад Дом ураду, каб патрабаваць другога туру выбараў з незалежным назіраннем. На ганку будынку адбыліся сутычкі са спецназам, міліцыянты і байцы ўнутраных войскаў жорстка разагналі пратэстоўцаў. Білі проста па галовах.

«Была правакацыя каля Дому ўрада. Неапраўдана жорсткія дзеянні з боку ўладаў», – казаў у шпіталі кандыдат Алесь Міхалевіч.

Пазней яго арыштавалі, у СІЗА КДБ прымусілі падпісаць заяву аб супрацы са спецслужбамі. Міхалевіч выкрыў вярбоўку, калі выйшаў на волю.

Сотні пратэстоўцаў былі затрыманыя, з моцнымі траўмамі іх кінулі ў камеры. 40 асобаў, у тым ліку амаль усе кандыдаты на прэзідэнцтва, трапілі ў следчы ізалятар КДБ паводле справы аб нібыта масавых беспарадках. Людзей з цяжкімі траўмамі трымалі ў нечалавечых умовах. А дзяржаўнае тэлебачанне стварала рэпартажы пра спробу ўзброенага дзяржаўнага перавароту. Па БТ паказвалі і Андрэя Дзмітрыева, які распавядаў афіцыйную версію падзеяў ля выбарчага штабу Някляева: «Ззаду з натоўпу пачалі насоўвацца п’яныя маладзёны, пачалася бойка, падаспела міліцыя і дапамагла гэтую бойку спыніць. Працаўнікі міліцыі не вінаватыя ў тым, што здарылася».

Заявы ўладаў пра ўзброеную рэвалюцыю не пацвердзіліся фактамі, але чатыры дзясяткі асобаў былі асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

ФОТА: ITAR-TASS / Alexei Filippov / FORUM