Як школьнікі праводзяць невучэбны тыдзень?

Трэці дзень школьных вакацыяў! Адчуванне, што беларусы ўсё ж аддаюць перавагу ідэі адседзецца ўдома і не наведваць забаўляльных месцаў. Паркі, тэатры, дзіцячыя цэнтры – нават пад вечар – семʼямі з дзецьмі не перапоўненыя.

Нягледзячы на тое, што афіцыйна каранцін у краіне не ўведзены, некаторыя беларусы знаходзяць спосабы сысці ў самаізаляцыю і хоць бы тыдзень вакацыяў правесці ўдома. Так зрабіла і сямʼя Маслянковых.

«Я адпрасілася ў сваёй начальніцы, каб працаваць з дому. Мая праца не звязаная канкрэтна з офісам, я туды больш для камунікацыі з калегамі прыязджаю. Мы ўсе працуем, а Ульяна знаходзіць сабе якія-небудзь заняткі: яна любіць канструктары, малюе, трошкі рашае матэматыку», – расказвае Паліна Маслянкова.

Чым яшчэ займаюцца школьнікі ў гэты невучэбны тыдзень?

«Гуляю, малюю. Усё!»

«Лепкай і пісьменнасцю».

«У школу не хочацца! У школу не ходзім!»

Шматлікія папулярныя на вакацыях імпрэзы таксама адмяніліся. Не працуе цырк, у тэатрах не паказваюць дзіцячых спектакляў. Арганізатары дзіцячых навуковых праграмаў «Разумны Менск» таксама прыпынілі працу.

«У нас планавалася каля 1400 чалавек за тры тыдні, набылі ўжо каля 600 квіткоў. Нас падтрымлівалі, казалі, што вельмі сумняваліся, ісці на мерапрыемства ці не ісці, бо турбаваліся пра здароўе дзяцей. Усе падтрымалі, што гэта правільнае рашэнне – аб адмене», – кажа адзін з арганізатараў Алег Стэфановіч.

Але большасць арганізацыяў працягваюць працаваць, дзеці ходзяць у школьныя лагеры. Закрыліся на каранцін толькі ўстановы адукацыі, у педагогаў і вучняў якіх выявілі каронавірус: спартовая школа ў Гомлі ды 5-я менская гімназія. Дактары нагадваюць і перасцерагаюць.

«Адкласці ўсе паездкі да бабуль і дзядуляў. Проста ўсе адмяніць, ніякага кантакту. Абмежаваць круг зносінаў на самы неабходны, ніякіх мерапрыемстваў, усё адмяніць, усё па-мінімуме. Дзеці могуць перадаваць гэтую інфекцыю паміж сабой, застаючыся абсалютна бессімптомнымі носьбітамі», – тлумачыць доктарка Вольга Жарнасек.

На думку Паліны Маслянковай, каранцін у стане запаволіць распаўсюд віруса, уводзіць гэтую захаду варта было раней:

«Я лічу, што ўжо даўно, не толькі на вакацыях, а некалькі тыдняў таму мы мусілі змяніць нашыя звычайныя звычкі: не збірацца, не вітацца, не наведваць сваіх бабуль і дзядуляў».

Сёння стала вядома пра смерць настаўніцы з вёскі Доктаравічы Капыльскага раёну, дзе выявілі інфікаваных каронавірусам. Але ці будзе гэта падставай, каб працягнуць школьныя канікулы і засцерагчы такім чынам і настаўнікаў, невядома.

Алена Дубовік, «Белсат»

Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама