Як правільна карміць птушак узімку

У гэтыя выходныя грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць акцыю «Птушкі на кармушцы». Такім чынам прыродаахоўнікі заахвочваюць людзей падкормліваць крылатых.

Кармушку на акне ў аматаркі птушак Іны Суббоцінай за дзень наведваюць каля дзясятка птушак.

«У асноўным ядуць вялікія сініцы і сінія сініцы звычайныя чорныя семачкі. Самае цікавае, што яны іх могуць выбіраць. Калі каштуюць, і семачка пустая ўнутры, яны яе наўпрост адкідаюць», – расказвае Іна Суббоціна.

Вялікая і сіняя сініца гасцілі на Інінай кармушцы найчасцей. Такое назіранне сёння працягвалася ўсяго гадзіну – дзяўчына лічыла ўсіх птушак, што зляцеліся на свежы корм.

«Пажадана, вядома, сядзець далей, каб яны не баяліся чалавека. І вось бліжэй да краю ім зручней браць корм. Вось гэта вялікая сініца. Іх ужо 215 за гадзіну», – кажа дзяўчына.

Усю гэтую інфармацыю дзяўчына дасылае ў грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Арнітолагі гэткім чынам бачаць, якія віды найчасцей трапляюцца на народных сталоўках.

«Адныя з самых частых гасцей на кармушцы – гэта вялікая і сіняя сініцы, дразды, гілі, каўкі, палявы верабей», – кажа Карына Салавей, кіраўніца адзелу развіцця ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Летась у акцыі ўзяло ўдзел больш за дзве тысячы беларусаў. У кармушках падсілкаваліся амаль дзесяць тысячаў птушак. Аднак сёлета выдаўся надзвычай цёплы студзень, і шмат хто з іх спраўляецца з зімоўкаю самастойна. Тым не менш, арнітолагі раяць дапамагаць.

«Заўсёды сталоўкі птушыныя – гэта не асноўная крыніца ежы ў птушак, гэта толькі дадатковы корм, і, калі цяпер будзе корм, гэта не дрэнна, ён можа там быць, галоўнае, каб ён там не сапсаваўся», – кажа арнітолаг Сямён Левы.

Падкормліваць птушак варта ў лесе, парках і дварах.

Кармушку можна хутка зрабіць з падручных сродкаў. Напрыклад, з пакунку для малака або з пластыкавай бутэлькі. Для гэтага ў бутэльцы трэба толькі зрабіць дзірачкі ды ўставіць туды галінкі.

З кармушкаю разабраліся. Цяпер корм. Для сініц падыдуць сырыя несалёныя семачкі, для дзятлаў – сала, для таўстадзюбаў – нясмажаны арахіс, вераб’і вельмі любяць проса, а свежыя яблыкі і ягады прывабяць драздоў.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама