Як паўплывала на выбары ў ЗША малавядомая расяянка Ганна Багачова?


Беларусь ізноў у цэнтры міжнародных палітычных скандалаў. Стала вядома, што грамадзянку Расеі Ганну Багачову затрымалі ў Менску на запыт Інтэрполу і сёння ж пасля кароткага медыйнага скандалу яна выйшла на волю. Жанчына – у спісе абвінавачаных па справе аб умяшанні Расеі ў амерыканскія выбары.

Расяянку Ганну Багачову затрымалі ў нядзелю ў адным з менскіх гатэляў паводле міжнароднага ордару. У вышук Інтэрполу Багачову падало Міністэрства юстыцыі ЗША як абвінавачаную ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары 2016 года. Сёння інфармацыю пра затрыманне сталі актыўна мусаваць расейскія СМІ з падачы крыніцаў у Дзярждуме, расейскія дэпутаты паспелі заявіць пра здраду з боку Беларусі, і вось Багачова вызваленая і паехала дадому.

Павел Знавец, юрыст, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 склікання:

«Невядомы ніводзін выпадак, калі б грамадзяніна Расеі выдалі з Беларусі ўладам ЗША. Выдавалі азіяцкім дэспатыям».

Генпракуратура Беларусі паставіла пытанне аб спыненні міжнароднага вышуку Багачовай на нашай тэрыторыі. А прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ніякага затрымання ўвогуле не было.

Як мяркуе Павел Знавец, затрыманне і вызваленне расяянкі ў Менску – частка вялікай палітычнай гульні між Вашынгтонам і Масквою. Багачова ды іншыя падсанкцыйныя расейцы, звязаныя з Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў бізнесоўца Яўгенія Прыгожына. Прыгожын вядомы як кухар Пуціна і ўладальнік прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, а ягонае агенцтва ўва ўсім свеце называюць проста «фабрыкай інтэрнэт-троляў», каардынаванай з Крамля.

Міністэрства юстыцыі ЗША высветліла, што між іншага ў Пецярбурзе гэтак званыя фермы троляў праз сацыяльныя сеткі пісалі мільёны каментароў, каб уплываць на інфармацыйнае асяроддзе і амерыканскую грамадскую думку. Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Напрыклад, прыхільнікам вольнага валодання зброяй дасылалі паведамленні, што Дэмакратычная партыя выступае супраць гэтага права. Тое ж самае на тэму мігрантаў, сексуальных меншасцяў».

Адраснымі інфармацыйнымі атакамі на карыстальнікаў расейцы правакавалі грамадскае абурэнне, пратэсты і нават масавыя беспарадкі, як у горадзе Фэргусан. У сувязі гэтым, паводле амерыканскіх уладаў, Ганна Багачова 5 гадоў таму праехала 9 штатаў з апаратурай і аднаразовымі тэлефонамі, дзе ўдзельнічала ў стварэнні фальшывых акаўнтаў амерыканскіх грамадзянаў у сацыяльных сетках. Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Гаворка ідзе аб стварэнні фэйкавых акаўнтаў, і каб яны выглядалі праўдападобна, іх трэба напаўняць кантэнтам: напрыклад, фотаздымкамі з геатагамі акрэсленага месца».

У Расеі Ганна Багачова курыравала групу аналізу інфармацыі, пазней наведвала Паўночную Македонію. Баец інфармацыйнага фронту раней насіла прозвішча Трыга і актыўна брала ўдзел у жыцці расейскіх нацыяналістычных арганізацыяў, у тым ліку тых, што зладзілі серыю забойстваў на глебе нацыянальнай нянавісці.

7 гадоў таму Багачова была ў Беларусі – удзельнічала ў двухдзённым форуме «Русь Молодая» у Маладзечне, дзе чытала лекцыю пра маніпуляванне грамадскім меркаваннем праз масмедыі і сацыяльныя сеткі. Ганна Трыга, Права-кансерватыўны альянс, Расея (2012 год):

«Неабходна асвойваць падобныя прыёмы маніпулявання грамадскім меркаваннем для прасоўвання нашых ідэяў на шырокую аўдыторыю».

Тады ў форуме апроч скрайне правай прарасейскай моладзі брала ўдзел і першая сакратарка расейскай амбасады Алена Маслава як намесніца кіраўніка федэральнага агенцтва «Рассупрацоўніцтва».

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Калаж з фота: Fotogramma, Zuma Press / Forum