Як менчукі ўшанавалі продкаў на Радаўніцу


Звычайна ў Радаўніцу ў цэрквах праходзіла не адна служба – каб усе ахвочыя маглі трапіць на паніхіду. Цяпер жа людзі прыходзяць замовіць гэтак званую запіску – згадку памерлых падчас службы, не застаючыся на самое богаслужэнне. Айцец Свята-Мікалаеўскай царквы падтрымлівае такі фармат. Яўген Грамыка, протаіерэй Свята-Мікалаеўскай царквы:

«У нас у царкве вісіць аб’ява, каб людзі трымаліся адзін ад аднаго на адзін–паўтара метра. Не магу казаць, што на 100 %, але збольшага людзі разумеюць, што ёсць небяспека. Шмат хто надзявае маскі».

Вернікі, якія наважыліся наведаць царкву, кажуць, што трымаюцца захадаў засцярогі. А духоўнае свята не адменіш. Вернікі:

«Мы трымаем дыстанцыю, рукі апрацоўваем антысептыкам, да іконаў стараемся не прыкладвацца, а проста пакланіцца».

«Я прыйшоў памаліцца за сваіх родных і блізкіх. За маці, за тату, за ўсіх памерлых».

«Мы памінаем сваіх продкаў – сваіх бацькоў, сваіх дзядоў. І, нягледзячы на каронавірус, мы ўсё ж трымаемся ўсіх захадаў, але я палічыла патрэбным прыйсці».

Традыцыйна пасля царквы людзі наведваюць могілкі. Усходнія, або Маскоўскія могілкі, што на паўночным усходзе Менску, – вялікі некропаль. І тут пахаваныя выбітныя дзеячы культуры, спорту, палітыкі, навукі. Людзі ідуць сюды даволі інтэнсіўна. З сабою – кветкі і ўсё неабходнае, каб дагледзець магілу. Наведнік Маскоўскіх могілак:

«Я сёння падыду, можа, да дваццаці магілаў, не менш. Да Зарэцкага. Што гаварыць – чалавек знакаміты. Далей падыду да акадэміка Купрэвіча, прэзідэнта Акадэміі навук, да Пятра Глебкі, да Петруся Броўкі».

Устрымацца ад наведання могілак у Радаўніцу ў сітуацыі пандэміі заклікалі не толькі асобныя дактары, але і Міністэрства аховы здароўя, і некаторыя святары. Застацца ўдома прасіў вернікаў нават Экзарх усяе Беларусі.

Мітрапаліт Павел адзначыў:

«Святыні зачыняцца не будуць, там будуць здзяйсняцца набажэнствы. Але мы просім: устрымайцеся, застаньцеся ўдома. Паверце, ад гэтага будзе больш карысці і вам, і вашым блізкім».

Збольшага вернікі прыслухаліся да афіцыйных заклікаў. Прыступкі самых вялікіх, Паўночных могілак Менску патанаюць у штучных кветках, але пакупнік не ідзе – і гандаль стаіць. Індывідуальны прадпрымальнік:

«Сёння на Радаўніцу кветкі ніхто не набывае, нікога няма».

Традыцыйны стол з пасвяцонымі пачастункамі і велікодным яйкам для спачылых адшукаць было цяжка. Большасць менчукоў паміналі продкаў удома. Шматлікія дадатковыя аўтобусы, якія «Менсктранс» пусціў на могілкі, прыходзілі пустымі.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum