Як дэпутаты размеркавалі народныя грошы?


Меншая чым сёлета інфляцыя, павольнейшы эканамічны рост і закладзены кошт нафты – $ 60 за барэль. Галоўны фінансавы дакумент году – бюджэт-2019 прынялі ў першым чытанні без уліку магчымых кампенсацыяў Масквы за ейны падатковы манеўр. Гэта азначае, што нагрузка на бюджэт большая. Як дэпутаты размеркавалі народныя грошы?

Ёсць агульны рахунак для сям’і, а ёсць агульны рахунак для ўсяго насельніцтва. Бюджэт мае служыць кожнаму.

«На ахову здароўя і дабрабыт людзей».

«На дзяцей – садочкі ды школы».

«На павелічэнне пенсіі, бо я пенсіянерка» – кажуць жыхары Берасця.

Пенсіянеры дакладна будуць задаволеныя. Як зазвычай у перадвыбарчыя гады, налета дзяржава ўздыме памер пенсіяў. Ажно на 14 %. На 9 % угару пойдуць і заробкі для бюджэтнікаў. Усё гэта ў прынятых сёння праекце фонду сацыяльнай абароны і праекце бюджэту на 2019-ы год. Агулам галоўны фінансавы дакумент рыхтавалі ў поспеху і без вострых дыскусіяў.

«У аўральным рэжыме ўносяцца нейкія праўкі, але я не разумею навошта! Можна ж падоўжыць гэтую сесію ці ў студзені склікалі пазачарговую. Гэта дакументы, над якімі трэба працаваць удумліва», – кажа Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Аптымізму не шмат і па-за гэтым фактам. Кошт на нафту ў бюджэт заклалі не найлепшы – 60 долараў за барэль. Не ўлічвалі атрымання якой кольвечы кампенсацыі за так званы падатковы манеўр з расейскаю нафтай. Гэта каля 310 мільёнаў долараў стратаў. І яшчэ калі 3 мільярдаў долараў аддамо на аплату і абслугоўванне вонкавага доўгу.

«Яшчэ 2 гады таму ва Урадзе 10 % называлі парогам, больш якога небяспечна аддаваць сродкі з рэспубліканскага бюджэту краіны. Гэта звязвалася з бяспекаю краіны. А ў наступным годзе мы ўжо аддаем 26 % з бюджэту!» – каментуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

На вяртанне пазыкаў давядзецца накіраваць рэсурсы, з якіх раней бюджэт часткова карыстаўся.

«Прыбыткі ад перамытнёўкі нафты – прыкладна 600 млн і яшчэ 500 млн – на рост экспартных мытаў на нафтапрадукты, якія яшчэ ў Беларусі заставаліся. Для таго каб звесці канцы з канцамі, яшчэ трэба будзе заняць каля $ 1 млрд у Расеі (на гэта ёсць разлік) і яшчэ $ 1 млрд – думаюць дзе заняць» – лічыць Леанід Злотнікаў.

Паводле пакупніцкай здольнасці бюджэт зменшыцца. Прагназаваны рост інфляцыі (5,3 %) больш чымся ў чатыры разы перавышае рост галоўнага паказніка эканамічнага росту краіны (1,2 %) – Валавога Унутранага Прадукту. У нарадзе перад прыняццем плану выдаткаў на наступны год кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка супакойваў людзей:

«Хвалявацца абсалютна няма прычынаў! Гэта праблема кіраўніцтва краіны, якую мы мусім вырашыць. Нават пры найгоршым варыянце – нічога не абрынецца. А што датычыць 19-га году – то пра такое зусім размоваў няма».

Але што далей? Да 2025 года Беларусь пяройдзе на закуп нафты па рынкавым кошце і пазбавіцца прыбыткаў ад экспартнага мыта на нафтапрадукты… Страты да $ 12 млрд адчуе кожны з нас.

Юлія Цяльпук, belsat.eu