Як далёка праляціць мабільнік, спраўдзілі ў Магілёве


Кінуць надакучлівы тэлефон і разам з гэтым вызваліцца ад усіх праблемаў і клопатаў прапанавалі магілёўцам падчас фестывалю кідання мабільных тэлефонаў.

Жыхары Магілёва патлумачылі, што іх прывяло на фестываль:

«Дзеці цяпер збольшага сядзяць у тэлефонах, таму выкінуць тэлефон – гэта вельмі добрая ідэя».

«Паглядзець, як я магу кінуць тэлефон, заўсёды марыў тэлефон менавіта кінуць».

«Тэлефоны глючаць часам, і калі кідаеш, душа супакойваецца, душа».

Свой тэлефон нікому кідаць не давялося, арганізатары – сетка крамаў «Страла» – адмыслова падрыхтавалі для кідання старыя мадэлі. У якасці пляцоўкі для спаборніцтваў выкарысталі паркоўку. Дырэктар сеткі крамаў «Страла» Аляксандр Астапенка агучвае правілы: «Адпаведна, хто далей кіне, той і перамог. Пераможца ў нас атрымае нават прыз – мы дорым новенькі смартфон».

У фестывалі ўзялі ўдзел 175 чалавек. Яны спаборнічалі паміж сабой у трох катэгорыях.

Пераможца ў катэгорыя «Дзяўчаты» Аляксандра Анішчанка дзеліцца ўражаннямі:

«Я вельмі радая, я рэальна не чакала, у мяне проста няма словаў. Кідала, ну верыла, верыла, што будзе мая перамога. Мае хлопчыкі мяне падтрымлівалі». – Сям’я Аляксандры – муж Аляксандр і сын Арцём Сарокі таксама бралі ўдзел у фестывалі:

«Мы думалі, што маме падарыць – у яе заўтра дзень народзінаў. Усё! Падарунак сам сабой адпаў! – Так нельга! – Мы цябе любім! – Дзякуй!»

Аляксандра перамагла з вынікам 20 метраў. А ў дзіцячай катэгорыі рэкорд склаў удвая болей.

Пераможца ў катэгорыі «Дзеці» Дзмітрый Давыдзенка таксама прыйшоў на фестываль са сваёй сям’ёй: «Я нават не чакаў, што я перамагу. Ну проста кіну – і ўсё. На сорак. Ну вось атрымаў тэлефон». Ягоны бацька сведчыць: «Вось гэтая атмасфера, дзякуй арганізатарам, што яны сёння, у суботні дзень, сабралі нас усіх, выцягнулі з дамоў».

Удзельнікі фестывалю кідання мабільнікаў разважаюць, што яшчэ можна было б арыгінальна кінуць:

«Жонку! – Жонку кідаць нельга!»

«Можна было правесці конкурс, хто кіне паліць, там за пэўны тэрмін піць, вярнуцца да здаровага ладу жыцця».

«Ноўтбукі, кіданне ноўтбукаў, чаму б і не?»

А тым часам арганізатары фестывалю нагадваюць, што проста выкідаць старыя мабільныя тэлефоны ў сметніцу нельга. Іх трэба ўтылізаваць правільна – праз адмысловыя кантэйнеры ў крамах тэхнікі і салонах сувязі.

Вольга Васільева, «Белсат»