Аб'ектыў 20.02.2019 Як беларусы дапамагаюць самотнаму бацьку вярнуць дзетак, якіх адабрала сацыяльная апека


Пасля сюжэту на «Белсаце» пра трагедыю на Гарадзеншчыне, калі жанчына скончыла жыццё самагубствам пасля таго, як сацыяльныя службы забралі дзяцей, гледачы «Белсату» захацелі дапамагчы сям’і. Сачыла і брала ўдзел у гэтым і Вольга Чайчыц.

«Белсат» рабіў сюжэт пра гэтую трагедыю. У вёсцы Вайкунцы Воранаўскага раёну чатырох дзяцей забралі ў прытулак за антысанітарыю, а ўвечары іхную маці знайшлі ў пятлі. Пасля выхаду сюжэту гледачы сталі запытваць, як яны могуць дапамагчы. Андрусь Козел, журналіст «Белсату»:

«Іх набралася досыць вялікая колькасць, і я вырашыў, чаму б не паспрабаваць арганізаваць гэтых усіх людзей. Узяў на сябе саму арганізацыю збору дапамогі, арганізацыю дастаўкі да Воранава».

Інфармацыю пра збор размясцілі ў сацыяльных сетках. Людзі пачалі пералічваць грошы на рахунак бацькі. Адгукнуліся каля 50 чалавек, якія перадавалі рэчы ці дапамагалі збіраць гэтыя рэчы па менскіх кватэрах.

«Сітуацыя сумная, таму людзі павінны прыходзіць адзін аднаму на дапамогу», – кажа валанцёр Уладзімір Куклін.

«Я спадзяюся, што ў гэтай сітуацыі будуць разбірацца праваахоўныя органы. Таму што калі маці 4-х дзяцей вырашае, што ўжо нічога не выправіць, гэта знак перш за ўсё органам улады, што тое, што яны робяць, у гэтым ёсць нейкая памылка», – гаворыць валанцёр Сергій Мельянец.

Сям’ю прымушалі пераехаць у новую кватэру ў Воранаве, якую ў снежні ім выдалі як шматдзетнай. Цяпер абяцаюць, што дзяцей аддадуць, калі бацька ўладкуе кватэру, знойдзе новую працу ў Воранаве. Большасць таго, што было трэба для кватэры, ужо сабралі. Людзі ахвяравалі посуд, цацкі, тэкстыль, вопратку, шмат мэблі. Мы тры дні збіралі гэта ўсё па Менску і ўсіх не паспелі абʼехаць. А яшчэ было шмат ахвотных у іншых гарадах.

Мясцовыя жыхары не разумеюць, навошта было прымушаць пераязджаць сямʼю ў горад. Андрэй нарадзіўся ў вёсцы, усё жыццё працаваў на ферме, трымаў вялікую гаспадарку, за кошт якой сямʼя харчавалася:

«Што, пракорміць ён за 4 мільёны гэтых дзяцей? Смех, ён іх не пракорміць ніяк. А так, канешне, у яго на вёсцы і гаспадарка была, усё было. А так прымусілі. Іх во сюды б засяліць, якія застаўлялі. Паглядзелі б тады».

Знаёмыя Андрэя, якія прыйшлі дапамагчы разгрузіць мэблю, кажуць, што будуць і далей дапамагаць сямʼі.

«Дзеткі маленькія, беднаму, расстроіўся… яшчэ забралі… Жонка тым больш пакончыла… Яму трэба цярпець цяпер, каб настрой быў добры, што-небудзь неяк будзем дапамагаць», – гавораць мясцовыя жыхары.

І мясцовыя жыхары, і сваякі перадавалі падзяку ўсім тым людзям, якія адгукнуліся. Валянціна Накладовіч, сястра Андрэя:

«Я хачу падзякаваць людзям, якія прыйшлі Андрэю, брату майму, на дапамогу. Вялікі дзякуй, нізкі паклон ім. І людзям, якія сёння прыйшлі дапамагчы, жанчынам, якія дапамагалі брату. Вялікі дзякуй».

Муж памерлай Таццяны Андрэй Боўшыс кажа:

«Я хацеў бы падзякаваць тым людзям, якія адгукнуліся ў такой сітуацыі, што мне дапамаглі. Далей тут усё абстаўлю ў кватэры, знайду працу і буду забіраць дзяцей сюды, пераводзіць у Воранаўскую школу. Буду працаваць, дзеля дзяцей, больш у мяне дарагога нічога няма».

«Белсат» працягне сачыць за лёсам сямʼі.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Новае самагубства. 30-гадовая маці скончыла з жыццём, калі сацыяльная апека адабрала дзяцей

Наведванні службы сацыяльнай апекі давялі шматдзетную маму да самагубства

 

Глядзі таксама
Каментары