Як беларускія жанчыны змагаюцца з Лукашэнкам

Жыхарка Гомля Марыя Быстранкова як і большасць беларускіх пенсіянераў жыве на мяжы беднасці. Як прызнаецца, сціплай пенсіі хапае на камунальныя плацяжы, лекі ды хлеб. Горкую праўду жанчына не хавае і ў свята. Восьмага сакавіка шмат хто чакае віншаванняў і падарункаў. Але не спадарыня Марыя.

«Жыццё маё цяжкае. Не адкуль не маю дапамогі. Ідзеш да чыноўнікаў – адное прыніжэнне. Пагражаюць міліцыяй», – скардзіцца пенсіянерка.

Сямнаццаць гадоў таму Марыя Быстранкова страціла самае дарагое

Адзіны сын памёр ад наступстваў раненняў на вайне ў Афганістане. Самотная жанчына з інваліднасцю шукала дапамогі ў прадстаўнікоў улады. Безвынікова. Спадарыня Марыя расказвае, як канчаткова страціла давер да Лукашэнкі. А ў сярэдзіне дзевяностых усё было інакш.

«Я ездзіла ў Рагачоўскі раён, у Жлобінскі і ў шмат іншых. Я ўсюды агітавала: галасуйце толькі за яго. Лукашэнка прыйшоў да добрага жыцця дзякуючы простым людзям, дзякуючы такому дураку, як я», – наракае жанчына.

Сёння Марыю Быстранкову можна ўбачыць сярод удзельнікаў пратэстаў у Гомлі. Пенсіянерка дэманструе салідарнасць з тымі, каго прынізілі ўлады.

Сярод пратэстоўцаў – усё больш жанчынаў пенсійнага ўзросту

Раней такая сітуацыя падавалася нерэальнаю.

У розных гарадах краіны на маршах нязгоды з вуснаў жанчынаў як ніколі рашуча гучалі пытанні і прэтэнзіі на адрас Лукашэнкі ды ягоных чыноўнікаў.

«Скажыце калі ласка, чаму ў іншых краінах жанчына, якая займаецца хатняй гаспадаркай гэта жонка і маці, а ў Беларусі яна дармаед?!», – абуралася ўдзельніца пратэсту ў Берасці.

Аднак для некаторых нават у самыя складаныя часы свята застаецца святам. Нагода ж для ўзнёслага настрою знойдзецца заўсёды.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Раман Пратасевіч

Глядзі таксама