Як беларуская зборная па біятлоне ішла да золата Пхёнгчангу


Беларускі стралялі лепш за ўсе 18 каманд-удзельніц.

Хто б мог падумаць, што жаночая эстафетная біятлонная зборная Беларусі пасля нягеглых трох гонак гэтага сезону, калі на другім этапе ў аўстрыйскім Гохфільцэне была сёмая, на чацвёртым у нямецкім Обэргофе – 15-ая, а на пятым у Рупальдынгу– 13-ая, раптам выдасць такі фініш на галоўным старце сезону – Алімпіядзе – ды яшчэ ў новым, яшчэ не спрабаваным у спаборніцтвах складзе.

Для зборнай, якая за сезон ужо набегала дзевяць штрафных колаў, 27 разоў агулам схібіўшы пры стральбе і ўваход у пяцёрку ў Пхёнгчхангу быў завоблачны, а пра месца на п’едэстале думаць было ажно занадта. Але якім чынам сёння ўдалося толькі дзевяць разоў памыліцца пры стральбе без штрафных колаў, на мяжы чаго, дарэчы была фінішорка Дарʼя Домрачава, не паддаецца цвярозаму асэнсаванню.

Гэта была найлепшая стральба сярод усіх 18-ці калектываў-удзельніц. Гэта было чацвёртае, рэкорднае для жаночага біятлону золата Домрачавай на Алімпіядах. Такім чынам, стаўшы шостымі на першых самастойных Гульнях у 1994-ым годзе ў нарвежскім ЛІлeгамэры ў эстафеце даўжэйшай, чатыры па сем з паловаю кіламетраў, затым Беларусь была 12-ая, 7-ая, 4-ая, зноў сёмая, а ў Сочы заняла пятае месца. І нарэшце – алімпійскі трыумф.

Падрыхтаваў Алесь Пуціла; фота – Toby Melville/Reuters/Forum