«Яго загнаць у стойла ўжо не атрымаецца, як бы там ні стараліся». Статкевіч за кратамі ўжо 240 дзён


У доме Статкевічаў яшчэ захоўваецца святочнае ўбранне: Міколу тут чакалі яшчэ да навагодніх і калядных святаў. Агулам – больш за 8 месяцаў. Яго затрымалі 31 траўня летась, нібыта за заклікі да вулічных акцыяў пратэсту. Пятнаццаць содняў адміністратыўнага арышту суд прызначаў палітыку некалькі разоў.

«Людзі дасылаюць яму шмат паштовачак, і большасць з іх вельмі кранальных ён дасылае мне. Я рэчаісна заплакала: вось такая акварэлька са снегіром і надпіс «Не мерзні, птушанятка, вясна ўжо блізка».

Пазней палітыку выставілі абвінавачанне паводле крымінальнай справы за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў.

«Ён настолькі моцны чалавек, што ён здольны свой настрой, сваю веру і свае перакананні ўтрымліваць у пазітыўным ключы. Ён увесь час піша, што вясна блізка і грамадства, якое прачнулася, – яго загнаць у стойла ўжо не атрымаецца, як бы там ні стараліся», – кажа Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча.

Лідар партыі «Народная грамада» Мікалай Статкевіч за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі мае ўжо чацвёртую крымінальную справу. З некаторымі перапынкамі агулам правёў у турме каля васьмі гадоў. Вось што пра гэта кажуць менскія мінакі.

«Гэта, па-мойму, наш апазіцыйны палітык, правільна? Я ўвогуле лічу ўсе палітычныя затрыманні, неспадзяваныя пасадкі непрымальнымі. Незразумела, што ў краіне адбываецца, законы не працуюць ад слова «зусім».

«Чаму чалавек за сваё меркаванне раптам становіцца палітзняволеным? Тое, што адбылося ў 2020 годзе, – гэта ўвогуле выходзіць за ўсе рамкі. Гэта… да слёзаў».

«Ужо ўсе думкі закончыліся даўно. Усё і так бачна і ўсім зразумела».

Мікалай Статкевіч – адзін са 190 зняволеных, якія трапілі ў турму падчас цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі. Чарговы раз яму пагражае працяглы тэрмін зняволення.

«Мікалай Статкевіч адрозніваецца тым, што ён вельмі гераічна пераносіць усе цяжкасці, якім яго «ўзнагароджвае» рэжым. Яго не першы раз прыцягваюць да крымінальнай адказнасці, прычым бязвінна. Дакладна гэтак жа і гэтым разам. Хоць у ягоных дзеяннях няма ні найменшых доказаў вінаватасці», – кажа старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хельсінскага камітэта Гары Паганяйла.

Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Статкевіча палітычным вязнем і разам з міжнароднай праваабарончай супольнасцю патрабуе ягонага вызвалення.

Галіна Абакунчык, «Белсат»