Аб'ектыў 17.10.2019 «Я свайго дамогся!» Навошта Зміцер Паліенка ўскрыў вены ў судзе?


Кроў, пралітая ў залі суда, прынесла вынік: суд над адкрылі для грамадства, а большасць абвінавачанняў знялі. Працэс за «асабліва злоснае хуліганства» у Менскім гарадскім судзе працягнецца заўтра а 10-й гадзіне.

Спроба ўскрыць вены была пратэстам анархіста Змітра Паліенкі супраць таго, што працэс над ім зрабілі закрытым. Праз гадзіну Змітра вярнулі ў залю Менгарсуда і ён заявіў: «Суд зрабілі адкрытым, я свайго дамогся!»

«Тут быў жэст моцны Змітра, якога дастаткова было, каб адчыніць суд і скасаваць большую частку абвінавачанняў. Апроч «злоснага хуліганства» з яго знялі ўсе абвінавачанні. Я так разумею, цяпер паспрабуюць збіць «палітычнасць» працэсу», – тлумачыць Вячаслаў Касінераў, анархіст.

Палітызавалі працэс тры справы: пашкоджанне маёмасці (гаворка пра графіці «Міліцыянты забіваюць людзей»), распальванне сацыяльнай варожасці (у дачыненні міліцыянтаў), публічная абраза прадстаўніка ўлады (за ацэнку дзеянняў экс-кіраўніка МУС Шуневіча). Праваабаронцы былі ў кроку ад прызнання Паліенкі палітвязнем. Раніцаю міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» патрабавала адкрытага судовага працэсу.

Валянцін Стэфановіч, праваабаронца цэнтру «Вясна»:

«Ну і тая палітычная сітуацыя, якая ў нас сёння назіраецца ў краіне, калі ўлады ўсё ж такі стараюцца пазбягаць рэпрэсіяў у жорсткіх формах. Ім гэта зараз не зусім выгодна – у кантэксце наладжвання стасункаў з Еўразвязам, ЗША і так далей. Таму наяўнасць новых палітзняволеных не зусім патрэбная».

У «Асабліва злосным хуліганстве», якое пакінулі Паліенку, – за распыленне пярцовага газу ў вочы суседа па пад’ездзе) – вінаватасці маладзён не прызнаў, маўляў, абараняўся ад нападу невядомага. Абаронца Курапатаў, змагар супраць дзейснай палітыкі дзяржавы, былы палітвязень… У будынку суда – падтрымліваюць аднадумцы, спробы затрыманняў – адбілі.

Максім Вінярскі, актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Яго садзяць за тое, што ён не скарыўся, не зламаўся, не падпарадкаваўся ім. І кожны актывіст, кожны палітык і праваабаронца павінен сёння стаяць тут у тым ці іншым выглядзе і падтрымліваць яго. Грамадства можа змагацца з «мусарскім» бяспраўем толькі разам».

Судовы працэс над Паліенкам меўся пачацца 25 верасня. Пад будынкам Менгарсуда разам з выбарчым пікетам адбыўся мітынг у падтрыманне актывіста, а суд перанеслі.

Пасля акцыі «Шчаслівыя жыць у дыктатуры» – пад гатэлям Mariott, дзе паходзіў міжнародны форум «Менскі дыялог», у кватэры іншага анархіста – Сяргея Сазановіча – адбыўся вобшук. З кожным годам ціск на ўдзельнікаў руху ўзмацняецца – лічыць анархіст, заснавальнік газеты «Навінкі» Паўлюк Канавальчык:

«Ясная справа, што ціск ідзе на ўсе дэмакратычныя суполкі і тыя, што не падзяляюць сённяшні курс уладаў. Але анархісты тут на першых пазіцыяй, бо яны найбольш нязручныя для дыялогу, з пункту гледжання дзяржавы».

На кампрамісы анархісты не ідуць. Нават пад пагрозаю жорсткіх прысудаў. Гэтак цяпер Змітру Паліенку пагражае да 10 гадоў зняволення.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары