Вывад амерыканскіх войскаў з Сірыі: Еўропу чакае новая хваля ўцекачоў


Доналд Трамп загадаў вывесці амерыканскія войскі з сірыйскай часткі непрызнанага Курдыстану. Цяпер туды рыхтуюцца ўвайсці турэцкія кадравыя вайскоўцы і парамілітарныя групы, каб стварыць буферную зону.

Турцыя праводзіць агрэсіўную палітыку супраць курдаў і на сваёй тэрыторыі, але на поўначы Сірыі абмежаванняў для баявых дзеянняў проста няма. Усё гэта можа адгукнуцца Еўропе, у тым ліку ў Беларусі.

Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» спыніла дзейнасць на поўначы Сірыі, таму, як тлумачаць у Белым доме, задачы амерыканскіх войскаў выкананыя, а за ўсё, што адбываецца на турэцка-сірыйскай мяжы, маўляў, хай адказвае Анкара. У тым ліку і за палонных экстрэмістаў, якіх утрымліваюць на сірыйскай тэрыторыі.

«Як вы ведаеце, у гэтым рэгіёне ёсць баевікі з розных краінаў, у тым ліку з Нямеччыны і Францыі. Амерыканцы кажуць, што больш не хочуць займацца гэтым пытаннем, і мы ўжо загадалі нашым чыноўнікам заняцца гэтымі палоннымі. І як мага хутчэй», – заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган.

Падчас вайсковай аперацыі турэцкія сілы плануюць ачысціць ад баевікоў тэрыторыю, якую цяпер кантралююць не ісламісты, а атрады самаабароны сірыйскіх курдаў. Для Турцыі ўсе яны тэрарыстычныя фармаванні, і як Расея называе ледзь не ўсе антыасадаўскія сілы «Ісламскай дзяржавай», так і войскі Эрдагана называюць усе курдскія сілы аддзеламі Працоўнай партыі Курдыстану. Гэтая арганізацыя турэцкіх курдаў сапраўды змагалася за стварэнне незалежнай дзяржавы рознымі метадамі, у тым ліку тэрактамі.

Калі турэцкія войскі зачысцяць тую частку поўначы Сірыі, дзе былі амерыканцы, то плануюць стварыць «зону бяспекі». У «зоне» будуць жыць 2 мільёны сірыйскіх уцекачоў, якія цяпер жывуць у Турцыі. Прадстаўнік Сірыйскіх дэмакратычных сілаў ужо абвінаваціў сваіх шматгадовых саюзнікаў – Злучаныя Штаты – у невыкананні абавязкаў і паабяцаў узброены адказ на магчымую агрэсію.

«Мы без ваганняў ператворым любы несправакаваны напад з боку Турцыі ў паўнавартасную вайну па ўсёй мяжы, каб абараніць сябе і свой народ», – папярэдзіў праз Twitter Мустафа Балі.

Сірыйскія курды дапамагалі амерыканцам біць тэрарыстаў з гэтак званай «Ісламскай дзяржавы». Але не атрымалі дапамогі ў будучым сутыкненні з іншым чальцом NATO – Турцыяй.

Арганізацыя Аб‘яднаных Нацыяў выказала занепакоенасць тым, што турэцкая аперацыя выкліча новыя хвалі ўцекачоў.

«Тры мільёны жыхароў поўначы Сірыі ўжо ёсць унутранымі ўцекачамі. Тры чвэрці з іх – жанчыны і дзеці. Мы мяркуем, што ў новы канфлікт зацягне калі не іх усіх, то прынамсі вялікую колькасць цывільных асобаў, і менавіта яны – аб’ект нашага клопату падчас баявых дзеянняў. Мы просім усе бакі выконваць базавыя законы і правы звычайных грамадзянаў на тэрыторыі канфлікту», – заявіў рэгіянальны каардынатар ААН у Сірыйскім крызісе Панас Мумцыс.

Еўразвяз таксама хвалюецца і нагадвае Анкары двухбаковае пагадненне: Турцыя мусіць узмацніць межы, і разам з тым прымаць нелегальных мігрантаў, якія дайшлі да Еўропы «Эгейскім маршрутам».

«Гэтыя гады і ў Аўстрыі, і агулам у Еўропе паспяхова змагаліся з нелегальнаю міграцыяй. Цяпер з прычыны падзеяў у Турцыі мы зноўку бачым вельмі крохкую сітуацыю», – заявіў прэмʼер-міністр Аўстрыі Зэбаст’ян Курц.

Башара Асада турэцкія планы зачысткі поўначы таксама не радуюць, але сёння ў Дамаску няма рычагоў уплыву ані на Анкару, ані на курдскія атрады самаабароны.

Яраслаў Сцешык, Марыя Лекух belsat.eu