Выставу «У Краіне Сала» зладзілі ў Горадні


Надыходзіць 2019 год, паводле ўсходняга календара – год жоўтага Кабана. Гарадзенскі мастак Алесь Сураў з гэтай нагоды зладзіў выставу саркастычных і філасофскіх карцінаў, прысвечаных «свіной тэме».

Раней сала было перадусім сродкам добра падсілкавацца – у дарозе або падчас цяжкай працы ў полі. Было сапраўдным ратаваннем у часы войнаў і варожых нашэсцяў. Сёння, калі ў модзе, хутчэй, вегетарыянства, сала – гэта не толькі ласунак, але і крыніца натхнення, і аб‘ект мастацтва.

Выстава, што адкрылася ў Цэнтры гарадскога жыцця Горадні, гэтак і завецца: «У краіне сала». Аўтар падкрэслівае: сала – гэта не толькі ўкраінскі, але і беларускі брэнд. Тут заўжды гадавалі ды елі парсюкоў, кажа Алесь Сураў:

«Прымаўка «на свінні праехалі» – выжылі, вытрымалі, менавіта ў часы самага ліхалецця дзякуючы свінні».

На карцінах – дошках для рэзання мяса – ёсць і людзі, якія робяцца свіннямі, і свінкі, якія жывуць, як людзі. І чыноўнік – Ганарлівы Парсюк, які «не надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы». І свінскія паводзіны ў спорце. Асабліва вылучаюцца творы з прымаўкамі, прысвечанымі свінням, вельмі розныя ў беларускім і расейскім варыянтах.

«Тэматыка абыгрываецца з розных бакоў, ад народнай да палітычнай накіраванасці», – дзеліцца ўражаннямі мастак Сяргей Грыневіч.

«Алесь славіцца гумарам, усё робіць з падвохам», – падтрымлівае яго мастак Сяргей Кірко.

Мастак тлумачыць: тут не палітычная сатыра, а гэткім чынам ён бачыць розныя з’явы ў жыцці. А «свіная тэма» проста заўжды была побач.

«Пра свінняў я любіў размаўляць, любіў рэзаць, смаліць, разбіраць, а потым узгадаў, што зараз будзе Год Свінні і падумаў: дай я для сваіх гарадзенскіх сяброў зраблю такі падарунак», – кажа аўтар выставы Алесь Сураў.

Сябрам спадабаліся і тэматычны пачастунак, і саркастычнасць твораў.

«Сураў – гэта вялікі фантазёр, які ніколі не мімікрыраваў, ніколі не хацеў спадабацца камусьці», – кажа даўні калега Сурава, мастак і рэстаўратар Уладзімір Кіслы.

«Ніхто іншы ў Горадні не змог бы нешта падобнае зрабіць. З гумарам, анекдатычна, з такою выдумкай. Алесь – ён такі», – каментуе мастачка Яніна Пільнік.

Імпрэза атрымалася з настроем жартаўлівага народнага свята. Але таксама мастак хацеў, каб людзі паглядзелі на сябе ды не былі свіннямі.

«Шмат каго пазнаю тут асабіста, здзіўляюся, праводжу паралелі, хто да каго падобны», – паўжартуе Аксана Сівадзедава, рэдактарка часопісу «Твой город Гродно».

Пабываць «У краіне сала» у Цэнтры гарадскога жыцця Горадні можна будзе цягам месяца.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота
«Ужо сам не ведаю, дзе свіння, а дзе чалавек». Мастак Алесь Сураў зрабіў выставу-карыкатуру на беларускае грамадства
2018.12.27 12:13