Выратаваць ежу ад сметніцы: у Менску раздаюць прадукты за капейку


Усяго адна капейка – і ты сыты. У сталіцы заснавальнікі аднаго з сэрвісаў дастаўкі вырашылі за сімвалічную суму аддаваць людзям ежу, якую не паспелі распрадаць цягам дня. Мэта – не выкідваць прыдатныя для спажывання прадукты на сметнік.

Ежа, якую людзям прапануецца «выратоўваць» – не пратэрмінаваная і не сапсаваная. Пераважна гэта выпечка, якую не паспелі распрадаць за дзень, але якая яшчэ захоўвае таварны выгляд. Таксама тут ёсць гародніна, якая трохі пашкодзілася падчас транспартавання. У свеце падобная з’ява мае назву «фудсэйвінг». Для Беларусі гэта новая ініцыятыва і пакуль што не надта распаўсюджаная.

«У нас два дні запар заставаліся хлебабулачныя вырабы. Уся нашая сям’я проста абʼядалася гэтымі булкамі. Мы зразумелі, што варта нешта з гэтым рабіць. І проста выкідваць, як гіпермаркеты… Ну гэта няправільна», – зазначае стваральнік сэрвісу дастаўкі «Ёжик» Юка Куст.

Юка і ягоны калега Андрэй распачалі сваю акцыю «выратавання» ежы а 22 гадзіне. Адразу ж з’явілася досыць вялікая чарга, у якой можна было пабачыць людзей розных узростаў і нават нацыянальнасцяў.

«Я думаю гэта прыжывецца вельмі добра. Бясплатную ежу любяць усе, тым больш халяву ў выглядзе капусты, смачненькага салаціка ды багета з ягадай… Прыжывецца яно выдатна, я вас запэўніваю!», – кажа Павел.

«У нашым інтэрнаце ёсць класная жанчына. Яна сказала нам: «Хлопцы, тут побач сёння будуць раздаваць ежу за адну капейку». Мы адразу зацікавіліся, бо нават уявіць не маглі, што можна атрымаць прадукты так танна. У Беларусі вельмі натуральная ежа, можна адчуць яе сапраўдны смак. Бо ў Кітаі мы дадаем да ўсяго шмат спецый, а тут так не прынята», – гаворыць студэнт з Кітаю Нік.

Філасофія «фудсэйвінгу» досыць простая – не выкідваць на сметнік тую ежу, якую яшчэ можа з’есці. Як-ніяк, у гэтым і палягае яе галоўнае прызначэнне.

«Асноўная ідэя – каб харчы, ды і наогул усё ў свеце расходавалася рацыянальна. Гэта, напэўна, найбольш правільнае слова. Каб было меней пластыку, каб ежу не выкідвалі. Каб тыя намаганні, якія людзі прыкладаюць, каб нешта ствараць, не былі дарэмнымі», – тлумачыць сузаснавальнік сэрвісу «Ёжик» Андрэй.

Акцыя «выратавання» ежы на Кастрычніцкай вуліцы – не разавая. Ініцыятары плануюць ладзіць яе штодня а 22-й гадзіне.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»