Аб'ектыў 14.10.2018 Вёскі паміраюць, але традыцыі жывуць


Кажуць, што беларусы – сялянская нацыя, што, зрэшты, звычайная рэч прынамсі для нашае часткі Еўропы. Між тым назіраючы, як гібеюць беларускія вёскі, частка жыхароў якіх паўцякала ў горад, а частка маркотна дажывае свой век, цяжка не правесці паралеляў і з гаротным станам нашае мовы, культуры, нацыянальнай самасвядомасці. Зрэшты, месца для сапраўднага подзвігу як у ратаванні беларускай мовы, гэтак і месца, дзе ты нарадзіўся, заўжды ёсць.

Год малой радзімы і веліч аднаго чалавека. Старадаўнія Качановічы, што на Піншчыне, марудна, але няўхільна выбіраюцца з бездані забыцця – і ўсё дзякуючы высілкам літаральна аднаго чалавека. Нашчадак заснавальнікаў вёскі – паноў Качаноўскіх – сённяшні пінскі прадпрымальнік Мікола Качаноўскі збірае на малой радзіме тутэйшых нарадзінцаў ды ладзіць за ўласныя грошы мастацкія пленэры і канцэрты.

«Свята вёскі я раблю, каб захаваць памяць пра маіх продкаў, якія заснавалі гэтую вёску, якія жылі тут і спявалі, – бо ж нашую вёску называлі «салаўямі». І ў памяць пра нашых дзядоў-прадзедаў мы сустракаемся, каб хоць трошкі падзяліцца ўспамінамі, пагутарыць, абмяняцца навінамі», – распавядае Мікола Качаноўскі, арганізатар сустрэчаў ў Качановічах.

Заснаваныя Качановічы былі ў 1522-м годзе, пра што сведчыць і ўсталяваны памятны камень. Аднак, паводле адраджальніка вёскі, першы ягоны продак Качановіч пасяліўся тут яшчэ ў 1378-м годзе. Жылі тут шляхцічы, якія чмялёў, аднак, у носе не мелі – толькі пчолаў у борцях, працавалі рупліва, гасцей сустракалі ветліва. Сёння ж у Качановічах жыве чалавек сорак, мясцовых – і таго менш.

«Шмат было людзей. Канечне, цяпер відовішча нашмат больш маркотнае, бо тут жа толькі дачнікі. Гэтыя людзі – яны папросту купілі кавалак зямлі ды жывуць. У іх няма тае сувязі з радзімай, якая была ў тых, хто жыў тут», – кажа Уладзімір Колб, нарадзінец Качановічаў.

А таму калі не падтрымліваць памяці пра вёску, сыдуць у нябыт і яны. Менавіта таму апрача канцэртаў ладзяцца ў Качановічах і мастацкія пленэры, каб успаміны пра гэтыя мясціны жылі і тады, калі не застанецца каму тут спяваць.

«Дзякуючы Міколу Качаноўскаму – ён ладзіць пленэры. Праз пару гадоў ці дзясяткаў гадоў ад вёскі нічога не застанецца: прагрэс ёсць прагрэс, жыццё ёсць жыццё – вось ладзіць ён пленэры. Ну і вось, дзякуючы гэтым пленэрам, можа не сама вёска, а ў нашых творах нешта застанецца нашчадкам», – кажа Генадзь Гурын, мастак.

Яшчэ адзін спадзеў качаноўцаў – на турызм. Каб ехалі сюды людзі з розных куткоў Беларусі ды свету, бачылі, як жылі нашыя продкі, ды вярталіся дамоў і, натхнёныя, адраджалі малую радзіму. Каб жыла нашая агульная Бацькаўшчына.

Валеры Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары