Вынік сустрэчы ў Пецярбургу: ад інтэграцыі аддзяляюць тры «дарожныя мапы»

Не дамовіліся пра нафту, газ і падаткі. Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну не ўдалося развязаць супярэчнасцяў у найбольш «каштоўных» пытаннях, таму фінальнага падпісання дарожных мапаў аб эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі зноў не адбылося. Але што атрымалася?

«Пасля развалу Савецкага Саюзу мы ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сацыяльнай галіне далёка адно ад аднаго не сышлі», – прамовіў Аляксандр Лукашэнка за круглым сталом у Пецярбургу.

Назад у саюз з Расеяй – крочым сямімільнымі… «Калі мы пачыналі гэты працэс, таваразварот у нас быў $ 9 млрд. А цяпер $ 35,5 млрд» – падкрэслівае кіраўнік Крамля.

Усяго 31 дакумент – «дарожныя мапы», па якіх бакі дойдуць да зліяння заканадаўстваў і кодэксаў. Пасля юбілейнага спаткання ў Сочы заставалася 8 тэчак без подпісаў. Падчас сённяшняга раўнду перамоваў у Пецярбургу ўзгаднілі яшчэ 5, хоць мінэканамразвіцця Расеі Максім Арэшкін пералічыў толькі чатыры: у галіне сельскай гаспадаркі, сувязі, мытні ды рынку алкагольнай прадукцыі.

«У нас па выніках перамоваў засталося тры групы пытанняў, якія блакуюць фінальныя дамоўленасці – нафтавыя, газавыя і ў падаткавай галіне», – рапартаваў Арэшкін.

Беларусь чакае «брацкіх» зніжак на энерганосьбіты з Расеі, але гледзячы па ўсім, разлічвае ўсе рызыкі – кажа палітолаг Вольга Харламава:

«Разлічылі па-максімуме і ўкладалі, што не будзе ніякіх дамоўленасцяў, што будуць максімальныя кошты на газ і нафту, што па нафце ўжо і было заяўлена».

Расейскія выданні, спасылаючыся на крыніцы ва ўладзе, кажуць што беларускім НПЗ Масква прапанавала гэтак званы адмоўны акцыз (вылічванне стратаў за падатковы манеўр на суму $ 1,5 млрд), але толькі пасля з’яднання Падатковых кодэксаў.

«Уніфікацыя ў падаткавай галіне – стратная для Беларусі» – спасылаецца на экспертную дамку палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Калі будзе ўніфікаванае заканадаўства, скажуць – давайце адзіную валюту. Як спатрэбіцца агульныя законы прымаць, то спатрэбіцца агульны парламент, і гэтак далей. Таму для Масквы, натуральна, план палягае на тым, каб паступова перайсці на стварэнне наднацыянальных надбудоваў і ажыццявіць таксама палітычную інтэграцыю».

Але гэтыя небяспекі – у сярэднетэрміновай перспектыве. Чарговае пытанне для Менску – кошты на газ на наступны год. Без кантракту з «Газпромам» застаецца і Украіна, хоць сімвалічна перад інтэграцыйнай сустрэчай з Лукашэнкам Расея падпісала пагадненне на транзіт газу праз Украіну.

Эксперт «Інстытуту Будучыні» (Кіеў) Адыян Пракіп, лічыць:

«Для Расеі найбольш прыярытэтным цяпер было вырашэнне пытання ўкраінскага газу, бо пастаўка газу еўрапейскім спажыўцам была вельмі важнаю».

Залежнасць Менску ад блакітнага паліва з «Газпраму» значна глыбейшая, чым у Кіева. Калі ж казаць пра пагрозы суверэнітэту – адчуваюць іх на сабе абедзве суседкі.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Фота: Ірына Арахоўская belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама